Максім Альбертавіч Багдасараў (24 кастрычніка 1973, Ташкент, Узбекская ССР) — беларускі геолаг, доктар геолага-мінералагічных навук (2009), прафесар (2013), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2017), загадчык кафедры геаграфіі і прыродакарыстання УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна».
Нарадзіўся 24 кастрычніка 1973 года ў Ташкенце (Узбекская ССР). Бацька — Альберт Аляксандравіч Багдасараў (нар. 1935) — кандыдат геолага-мінералагічных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна[1].
У 1995 годзе з адзнакай скончыў факультэт прыродазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «Геаграфія і біялогія»; у 1998 годзе — аспірантуру Інстытута геалагічных навук НАН Беларусі па спецыяльнасці «Агульная і рэгіянальная геалогія» з абаронай кандыдацкай дысертацыі (навуковы кіраўнік — акадэмік НАН Беларусi Аляксей Васілевіч Мацвееў); у 2008 годзе — дактарантуру Беларускага навукова-даследчага геолагаразведачнага інстытута па спецыяльнасці «Агульная і рэгіянальная геалогія» з рэкамендацыяй да абароны доктарскай дысертацыі па выніках папярэдняй экспертызы.
Аўтар звыш 300 навуковых прац, у тым ліку манаграфій: «Бурштын з антрапагенавых адкладаў Беларусі» (2001), «Выкапнёвыя смолы Беларусі» (2003), «Выкапнёвыя смолы Паўночнай Еўразіі» (2005), «Бурштын і іншыя выкапнёвыя смолы Еўразіі» (2010), а таксама каля 100 артыкулаў у часопісах і зборніках.
Сфера навуковых інтарэсаў: геалогія і мінералогія выкапнёвых смол, геалогія і мінерагенія чацвярцічных адкладаў Беларусі, археалагічная мінералогія, медыцынская геалогія, экагеалогія.
Член Беларускага геаграфічнага таварыства (1998).