wd wp Пошук:

Лідзія Андрэеўна Мініч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мініч. Лідзія Андрэеўна Мініч (Андрэева; нар. 22 студзеня 1940, вёска Рэкта, Клімавіцкі раён, Магілёўская вобласць) — беларуская паэтэса, перакладчыца, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт.

Біяграфія

Нарадзілася ў шматдзетнай сялянскай сям’і Андрэя Лявонавіча (1898 г.н.) і Ганны Максімаўны (1902 г.н.) Галкоўскіх, усіх дзяцей было сямёра. У час Вялікай Айчыннай вайны сям’і давялося пэўны час жыць у лесе, цярпець ад голада і холада. У 1958 годзе з сярэбраным медалём скончыла Клімавіцкую сярэднюю школу № 3. Пасля школы вырашыла звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і ў 1964 годзе скончыла заатэхнічны факультэт Беларускай селькагаспадарчай акадэміі (БДСГА). Працавала ў Горацкім раённым упраўленні сельскай гаспадаркі, а з 1966 года вучылася ў аспірантуры на кафедры «Развядзення сельскагаспадарчых жывёл». Пасля працавала асістэнтам на той жа кафедры, малодшым навуковым супрацоўнікам на доследчай станцыі БГСХА. У 1975 годзе з мужам Аляксандрам былі накіраваны ў Алжыр. У 1989 годзе абараніла дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук, з 1990 года — дацэнт. Працавала старшым выкладчыкам, дацэнтам у акадэміі, выбіралася дэпутатам Горацкага гарадскога савета, членам прэзідыума прафкама акадэміі. Аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў і метадычных работ па праблемах сельскай гаспадаркі. У 1994, 1998 гг. была пераможцам Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх сельскагаспадарчых навучальных устаноў.

Літаратурная творчасць

Дэбют адбыўся ў 1999 годзе, пад псеўданімам Лідзія Андрэева, на старонках раённай газеты «Ленінскі шлях». У 2005 годзе выйшаў першы зборнік вершаў «Спешу сказать…» на рускай і беларускай мовах. У 2007 годзе выйшаў другі зборнік вершаў таксама на рускай і беларускай мовах: «Жыватворная крыніца». У 2010 годзе выйшла кніга вершаў «Споведзь», у якой прадстаўлены розныя формы верша, абрадавага накірунку і г.д. Кніга «На хвалях вечнасці» (2012) прадстаўляе міфы і легенды старажытнай Элады ў вершах. Пераклады вершаў Г. Ахматавай, А. Блока, М. Някрасава, А. Майкава, К. Сіманава, С. Шчыпачова і іншых паэтаў, аўтараў папулярных рускіх рамансаў XIX стагоддзя разам з яе вершамі ўвайшлі у кнігу «І боль, і мары, і любоў» (2013).

Анатоль Зэкаў — лаўрэат літаратурных прэмій імя Васіля Віткі і «Залаты Купідон», аналізуючы гэту кнігу адзначаў: «Паэзія Лідзіі Андрэевай чыстая, як настоенае на зелках баравое паветра, і празрыстае, к ранішнія росы. У ей не заблытаешся, як у нейкім мудрагелістым лаберынце, бо вершаваныя радкі не кружляюць па абсягах думак і пачуццяў, а пад мернае рытмічнае перагукванне слоў выводзяць нас на шырокі прасцяг разваг над нашым існаваннем у гэтым складаным і супярэчлівым свеце. Паэтка не бае канкрэтных рэцэптаў, хіба што падштурхўвае чытача да ўсведамлення свайго высокага прызначэння на зямлі…» [1].

Паэтэса вельмі любіць беларускую мову і перажывае, што знікаюць на вёсках беларускамоўныя школы, што амаль няма беларускамоўных класаў у гарадах, а кнігі на беларускай мове выдаюцца мізэрнымі тыражамі, зніжаюцца тыражы і беларускіх часопісаў, а ўсе раённыя газеты перайшлі на рускую мову. Паэтэса разумее, што любоў да роднай мовы трэба выхоўваць з дзяцінства, і таму яна не забывае пра маленькіх чытачоў. У 2009 годзе выдала кніжку-алфавіт для дзяцей «Мая сям’я ад А да Я», у другой кнізе для дзяцей «У сваім краі, як у раі» (2015) на простых будзённых прыкладах знаёміць дзяцей з багаццем роднай мовы, вучыць ганарыцца і даражыць усім сваім: сваёй мовай, сваёй Радзімай, сваім радаводам.

У ліпені 2019 года выйшла з друку чарговае, цудоўна аформленае выданне Л. Андрэевай «Атожылкі»: патрыятычна-філасофскі сказ /народная філасофія ў мастацкіх вобразах/ (Мн.: 2019). Кніга прысвечана малой радзіме аўтаркі. У гэтай кнізе яна звярнулася да вельмі важнай грамадзянскай тэмы, якая закранае кожнага з нас: сумленне і памяць нашчадкаў. Чалавек жыве на зямлі, што ён з сабой нясе. Яна піша: «…А хто я сапраўды, і што ж Пра вас я знаю, мае продкі?» і што пакіне пасля сябе? «…Цячэ ў нас, продкі, ваша кроў. Мы — ваш працяг, а вы — пачатак Няскончаных жыцця вякоў. Мы паўтараем той парадак — Прыступкай повязі часоў Свае адмеціны пакінем, Не парушаючы асноў — Галоўных, без чаго мы згінем…» Галоўны герой тут просты селянін, які добра знае сэнс жыцця, беражэ спадчыну і шчыра выхоўвае гэтае пачуцце у нашчадкаў. Аўтар яскрава паказала як выхоўваецца і любоў, і патрыятызм без слоў.

Таксама аўтар прозы, нарысы з’явіліся ў яе кнізе «Цвіла каліна: вершы і проза» (2015), выдадзенай да 70-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аўтар паэмы «Тут росы бялей…» (2018), дзе апавядае пра гісторыю Горацкага краю. Вершы друкаваліся на старонках альманахаў «Брама», «Славянская ліра — 2017», «Славянская ліра — 2018», «Под небом Рязанским», часопісе «Вожык», рэспубліканскіх газет «Літаратура і Мастацтва», «Культура», «Белорусская нива», абласной газеты «Зямля і людзі», у раённым друку і інш. Паэзія Л. Андрэевай вызначаецца лірызмам, спавядальнасцю, у ёй дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра наш час, абавязак перад беларускім народам, клопат аб лёсе беларускай мовы. Паэтэса перакладае з рускай, а таксама кітайскай, іўрыт(з рускага перакладу) і другіх моў. На яе вершы напісана больш трыццаці песень.

Прызнанне

Дасягненні

Бібліяграфія

Зноскі

  1. Зэкаў, Анатоль. Прадмова. У кн: Л. Андрэева, І боль, і мары. І любоў. — Мінск: «Белпринт»,2013.-С.3-4.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Паэтэсы
Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Клімавіцкім раёне
Катэгорыя·Кандыдаты сельскагаспадарчых навук
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1940 годзе
Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы
Катэгорыя·Дзіцячыя пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Пісьменніцы Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 студзеня
Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Катэгорыя·Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі
Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта