Лянтэрня, Лянтарня (трансліт.: Lanternia) — гістарычная мясцовасць Хойнікаў, размешчаная ў паўночна-ўсходняй частцы места.
Юзаф Антоній (Апалінарый) Ролле, знаёмы з уласнаручнымі запісамі Караля Прозара, паведаміў, што ў ліпені 1794 года абозны хаваўся ад пераследу расейцаў на ўскрайку пушчы ў леснічоўцы, называнай мясцовымі жыхарамі latarnią. А як гэта зусім блізка ад Хойнікаў, дык хутка месца яго сховішча наведаў паліцэйскі камісар (або «жаўнеры» М. Дубецкага са спасылкай на Зофію Аскерчанку) і сыну сенатара Рэчы Паспалітай, заросламу, апранутаму па-сялянску ў сярмягу ды лапці, але са стрэльбай за плячом, як пасля ў больш людных месцах з пісталетамі пад сярмягай, давялося тэрмінова ратавацца[1].
З шляхецкай рэвізіі 1811 года вынікае, што на той час гэта ўжо не леснічоўка, а фальварак Linterny, арандаваны ў абозных Прозараў ротмістрам [Берасцейскага павета](/Берасцейскі_павет "Берасцейскі павет") Ваўжынцом Балашэвічам[[заўв 1]](/Лянтэрня#cite_note-3). Да яго належала хойніцкая вёска Забалаць, што налічвала 61 душу прыгонных сялян[[3]](/Лянтэрня#cite_note-4)[[заўв 2]](/Лянтэрня#cite_note-5). 15 сакавіка 1835 года, паводле метрычнага запісу ў кнігах Мікуліцкай Багаяўленскай царквы, у «жителя деревни Линтерни», шляхціча-арандатара католіка Ігнацыя Стравінскага і яго праваслаўнай жонкі, былой прыгоннай сялянкі графа Ракіцкага, Аляксандры (у дакуменце Елізаветы), нарадзіўся сын Аляксандр[[4]](/Лянтэрня#cite_note-6), будучы ўдзельнік расійска-турэцкай вайны 1877 – 1878 гадоў, пазней генерал-маёр, старэйшы брат [Фёдара](/Фёдар_Ігнатавіч_Стравінскі "Фёдар Ігнатавіч Стравінскі"), будучага знакамітага артыста Марыінскага тэатра ў расійскім Пецярбургу, дзядзька [Ігара Стравінскага](/Ігар_Стравінскі "Ігар Стравінскі"), сусветнавядомага кампазітара[[5]](/Лянтэрня#cite_note-7). Згодна з аднадворскімі рэвізіямі 1845 і 1858 гадоў, у фальварку Лянтэрнях паноў Прозараў жыў Вікенцій, сын Марціна, Стэфановіч[[6]](/Лянтэрня#cite_note-8). На «Военно-топографической карте Российской империи 1846 – 1863 гг.», складзенай пад кіраўніцтвам Ф. Ф. Шуберта і П. А. Тучкова, назва паселішча па-расійску пададзена са слоў тутэйшых інфарматараў як Лянтарня. Згаданы фальварак Лянтэрня на плане мястэчка Хойнікі 1864 году і ў датаваным 2 лістапада 1887 года дакуменце аб продажы Канстанцінам Прозарам абцяжаранага даўгамі маёнтка Хойнікі расійскім купцам з Арлоўскай губерні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну[[7]](/Лянтэрня#cite_note-9).На 1909 год маецца звестка пра аднадворны хутар Лянтэрня з 28 жыхарамі, размешчаны ў Хойніцкай воласці за 1 вярсту ад яе цэнтра[8].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Берасцейскага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Лянтэрня і Хойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 мая тут дзейнічала “варта Украінскай Дзяржавы гетмана Паўла Скарападскага”[9]. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі, Хойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 8 снежня 1926 года Лянтэрню з Хойнікамі вярнулі БССР.
Пры канцы 1920-х гадоў савецкія ўлады перайменавалі пасёлак Лянтэрню ў Чырвоную Ніву. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і Чырвоная Ніва, у якой налічвалася 12 каталіцкіх альбо «польскіх» сем’яў[10]. Паводле Я. Н. Рапановіча, да 1930 года паселішча (сядзіба) мела назву Ліхтэрня[11], што, аднак, не мае пацверджання ў даступных крыніцах[заўв 4].
У 1989 годзе, пасля далучэння былой Лянтэрні да места Хойнікі, афіцыйную савецкую назву пераняла вуліца – Чырвонаніўская.