Ляво́навіцкі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Цэнтр — вёска Лявонавічы.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Нясвіжскага раёна Баранавіцкай вобласці БССР. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Мінскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны, тэрыторыя далучана да новаўтворанага Дубейкаўскага сельсавета[1]. 29 ліпеня 1971 года Дубейкаўскі сельсавет перайменаваны ў Лявонавіцкі, цэнтр сельсавета перанесены ў Лявонавічы[2]. 28 мая 2013 года скасаваны, тэрыторыя далучана да Ланскага сельсавета[3].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1123 чалавекі[4], з іх 90,8 % — беларусы, 4,3 % — рускія, 2,9 % — палякі[5].
На момант скасавання ў склад сельсавета ўваходзілі 12 населеных пунктаў: аграгарадок Салтанаўшчына, вёскі Габруны, Грыбаўшчына, Дубейкі, Лазавічы, Лесуны, Лявонавічы, Ляхі, Мысліва, Пляшэвічы, Смалічы, Цякалаўшчына.