Лыло́йцінскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 г. вёска) Лылойці.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года як Нястанішкаўскі сельсавет складзе Свірскага раёна Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Нястанішкі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Лылойці, сельсавет перайменаваны ў Лылойцінскі[1]. З 31 жніўня 1959 года ў складзе Смаргонскага раёна. З 20 студзеня 1960 года ў Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1960 года скасаваны, тэрыторыя далучана да Сыраваткінскага сельсавета[2].
17 лістапада 1986 года скасаваны Сыраваткінскі сельсавет, 19 населеных пунктаў былі перададзены ў склад Жодзішкаўскага сельсавета, а з астатніх зноў утвораны Лылойцінскі сельсавет. 28 сакавіка 2016 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Жодзішкаўскага сельсавета[3].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года складала 676 чалавек[4], з іх 90,7 % — беларусы, 6,8 % — палякі, 2,2 % — рускія[5].
На момант скасавання ў склад сельсавета ўваходзілі 15 населеных пунктаў: аграгарадок Лылойці, вёскі Буякі, Дабраўляны, Дзенавішкі, Каробкі, Лявонавічы, Міхнічы, Нястанішкі, Пазборцы, Рымшыненты, Станчыненты, Хведзевічы, Шыманэлі, хутары Лапавойня, Росцішкі.