wd wp Пошук:

Ле Куанг Дао

Ле Куанг Дао (в’етн.: Lê Quang Đạo; 8 жніўня 192124 ліпеня 1999) — в’етнамскі ваенны і палітычны дзеяч, член ЦК КПВ, генерал-лейтэнант В’етнамскай народнай арміі, удзельнік Індакітайскай і В’етнамскай войнаў.

Сапраўднае імя — Нгуен Дык Нгуен (в’етн.: Nguyễn Đức Nguyện).

Біяграфія

Нарадзіўся 8 жніўня 1921 года ў вёсцы Дзінь Банг, акруга Ту Сон, правінцыя Бакнінь.

Рэвалюцыйная дзейнасць

У 1938 годзе стаў актыўным удзельнікам Дэмакратычнага моладзевага руху ў Ханоі. У 1940-м уступіў у Камуністычную партыю Індакітая. У гэты ж час, згодна з прынятай сярод рэвалюцыянераў традыцыі, змяніў сваё імя з Нгуен Дык Нгуен на Ле Куанг Дао. У жніўні абраны сакратаром першай ячэйкі партыі ў Дзінь Банг.

У сярэдзіне 1941 года прызначаны сакратаром парткама раёна Ту Сон. Пазней, да 1942-га, займаў пасаду сакратара парткама правінцыі Бін Дуонг. Адначасова ён стаў членам Паўночнага камітэта партыі. У 19431945 з’яўляўся сакратаром партыйнага камітэта горада Ханоя[1]. Акрамя таго, таксама быў пастаянным членам Танкінскага партыйнага камітэта, рэдактарам газеты «Нацыянальнае выратаванне» (Cứu quốc), «Сцяг вызвалення» (Cờ giải phóng) і «Рашучая перамога» (Quyết thắng). Стварыў навучальныя класы для падрыхтоўкі кадраў В’етміня ў ваеннай зоне Хаанг Хоа Тхам. Яму таксама было даручана чытаць лекцыі ў тэарэтычных навучальных класах па партыйнай і рэвалюцыйнай працы для членаў Ханойскага саюза моладзі за нацыянальнае выратаванне і Культурнай асацыяцыі нацыянальнага выратавання.

Са жніўня 1945 па 1946 год Ле Куанг Дао быў палітычным кіраўніком Вызваленчай арміі В’етнама па правінцыі з Бакзянг.

З красавіка да сярэдзіны 1946 года займаў пасаду сакратара Ханойскага парткама, з 1 лістапада 1946 па 1947 — намесніка сакратара парткама зоны XI, пасля да 1949 — сакратара міжправінцыйнага аддзела Ханой—Хадонг.

У 1949 годзе стаў намеснікам аддзела прапаганды ЦК партыі, затым перайшоў на агітацыйную працу ў арміі.

Ваенная служба

У 19501954 гадах адказваў за прапаганду Памежнай кампаніі, быў першым дырэктарам Дэпартамента прапаганды і агітацыі[2], намеснікам дырэктара па палітыцы ў кампаніі Д’енб’енфу, выконваў абавязкі палітычнага камісара 308-га батальёна. На Жэнеўскай канферэнцыі 1954 года прызначаны намеснікам кіраўніка дэлегацыі В’етнамскай народнай арміі ў Камітэце Саюза перамір’я.

У 19551976 займаў пасады намесніка дырэктара Галоўнага палітычнага ўпраўлення[3], непасрэдна кіраваў знешняй прапагандай і агітацыяй арміі, быў пастаянным членам Цэнтральнай Ваеннай Камісіі (з 1965). У 1961 годзе Ле Куанг Дао прызначаны дырэктарам Цэнтральнай ваеннай пракуратуры.

У 19681972 гадах з’яўляўся палітычным кіраўніком шэрагу буйных ваенных кампаній[4] , у тым ліку аблога Кхешані і аперацыя «Lam Son 719». У 1975 годзе ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзенні аперацыі «Хо Шы Мін» у ходзе Вясновага наступлення, якое паклала канец В’етнамскай вайне.

ЦК КПВ

На IV з’ездзе Камуністычнай партыі В’етнама ў 1976 годзе ён быў абраны членам членам Сакратарыята ЦК КПВ. Раней Ле Куанг Дао займаў пасады намесніка сакратара гаркама партыі і палітычнага камісара Ханойскага ваеннага камандавання (цяпер сталічнага камандавання Хано).

З 1982 года ён быў сакратаром ЦК партыі, кіраўніком Цэнтральнага Камітэта па навуцы і тэхналогіях, курыраваў навуковую і грамадскую дзейнасць і ўвайшоў у склад Прэзідыума ЦК В’етнамскага айчыннага фронту. У 19871992 — старшыня Нацыянальнага сходу, намеснік старшыні Дзяржсавета. З 1988 года — сакратар парткама ЦК В’етнамскага айчыннага фронту. У жніўні 1994 года прызначаны старшынёй Прэзідыума ЦК В’етнамскага айчыннага фронту.

Памёр 24 ліпеня 1999 года ў Ханоі. Быў пахаваны на могілках Май Дзіч, раён Ту Ліем, Ханой.

Сям’я

Яго бацька — Нгуен Дык Кунг, маці — Нгуен Тхі Лак.

Малодшы брат Нгуен Дык Нгіем і дзядзька Нгуен Дуй Тан разам з ім былі ўцягнутыя ў рэвалюцыйную дзейнасць.

Ле Куанг Дао быў жанаты на пісьменніцы Нгуен Тхі Нгует Ту. У шлюбе нарадзілася чацвёра дзяцей: дачка Нгуен Нгует Цінь, сыны Нгуен Куанг Туэй, Нгуен Куанг Тханг і Нгуен Куанг Бак. Апошні стаў ваенным і даслужыўся да звання генерал-маёра.

Памяць

Яго імем названыя вуліцы ў Ханоі, Хюэ і Дананге.

Зноскі

  1. Chuyện về ông “Đốc lý đỏ”
  2. http://vbqppl.moj.gov.vn/vbpq/Lists/Vn%20bn%20php%20lut/View_Detail.aspx?ItemID=1208(недаступная+спасылка)
  3. Sắc lệnh 232/SL bổ nhiệm đồng chí Bộ quốc phòng tổng tư lệnh
  4. IN BÀI VIẾT
Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Генерал-лейтэнанты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў В’етнаме
Катэгорыя·Памерлі ў Ханоі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1921 годзе
Катэгорыя·Камуністы В’етнама
Катэгорыя·Генералы В’етнамскай народнай арміі
Катэгорыя·Нарадзіліся 8 жніўня
Катэгорыя·Памерлі 24 ліпеня
Катэгорыя·Удзельнікі вайны ў В’етнаме
Катэгорыя·Памерлі ў 1999 годзе
Катэгорыя·Асобы