Леў Кішка (у літаратуры сустракаецца Леан і Лявон), свецкае імя Лука (1668, Ковель Валынскага ваяводства — 19 снежня 1728, Купычыў Валынскага ваяводства) — царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік і перакладчык. Уніяцкі епіскап уладзімірскі і берасцейскі (з 1711), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі (з 1714). Доктар багаслоўя (1691)
Паходзіў са шляхецкага роду герба «Дуброва». З 1683 года навучаўся ў Быцені, дзе ўступіў у ордэн базыльянаў (1684). Працягваў адукацыю ў Калегіуме прапаганды веры ў Рыме, па сканчэнні якога атрымаў ступень доктара багаслоўя. У 1694—1696 гадах выкладаў рыторыку і філасофію ў базыльянскай школе ва Уладзіміры.
У 1696 годзе прапаведнік і вікарый, у 1697—1699 — ігумен Віленскага Траецкага манастыра. Абараніў гэты цэнтр уніяцтва ад дамаганняў епіскапаў і канечна падпарадкаваў яго базыльянскаму ордэну (1703).
У 1699—1708 гадах архімандрыт Полацкага Барысаглебскага манастыра. У 1703—1713 гадах протаархімандрыт (генерал) ордэна базыльянаў, у 1709—1728 — архімандрыт Супрасльскага манастыра.
Далучыў да ордэна базыльянаў шэраг манастыроў, раней падпарадкаваных біскупам, умацаваў аўтарытэт і ўладу протаархімандрыта (палічыў несапраўднымі выбары мітрапаліта Юрыя Вінніцкага ў 1708, якія адбыліся без яго ўдзелу, дамогся паўторнага галасавання). Падрыхтаваў і правёў Замойскі сабор (1720).
Рэгулярна наведваў манастыры, у тым ліку архімандрыі, што не ўваходзілі ў ордэн. Адбудаваў шэраг зруйнаваных манастыроў і цэркваў, у тым ліку ў Беразвеччы і Супраслі, аднавіў дзейнасць Супрасльскай друкарні, заснаваў паперню.
Клапаціўся пра адукацыю белага духавенства. Выдаў на старабеларускай мове дапаможнік для святароў з катэхізісам для вернікаў «Собрание припадков краткое» (Супрасль, 1722), «Букварь языка словенского» (Супрасль, 1727).
Быў прыхільнікам частковага захавання ўсходняй абраднасці ў Грэка-Каталіцкай Царкве, імкнуўся пераадолець абрадавую разнастайнасць і недахоп богаслужбовай літаратуры — з гэтай мэтай выйшаў вялікім тыражом уніфікаваны для ўсіх парафій «Служэбнік» (Супрасль, 1727—1732).
Пакінуў некалькі тэалагічных прац і апісанне Замойскага сабора. Пахавалі мітрапаліта ва Уладзіміры.