Ле́йчыцы[1] (трансліт.: Liejčycy, руск.: Лейчицы) — вёска ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Бортнікаўскага сельсавета.
Вёска знаходзіцца за 18 км на ўсход ад горада Бабруйска, 10 км ад чыгуначнай станцыі «Цялуша» на лініі Бабруйск-Жлобін, пры аўтамабільнай дарозе Бабруйск-Рагачоў.
Паводле «старой рэвізіі» 1560 года сяло Ілейчыцы (іншая назва Клетчыцы) разам з сёламі Валасовічы і Полькавічы абкладзены падаткам у 2½ службы. З 1566 года Ілейчыцы ў складзе Бабруйскай воласці Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага Рэчы Паспалітай. У 1621 годзе 6 двароў, уласнасць скарбу. Паводле інвентара 1639 года сельскагаспадарчыя землі сяла падзелены на 8 валок (1 валока каля 21 га зямлі), з якіх 5 пустыя. Ва ўласнасці сялян 12 валоў, 2 кані. У 2-й палове XVIII ст. сяло ў складзе маёнтка Дваранінавічы, уласнасць езуітаў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай з 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1838 годзе ўласнасць памешчыкаў Прушаноўскіх. Паводле перапісу 1857 года 84 жыхароў славянскай мовы, у памешчыцкай уласнасці, прыход праваслаўнай Георгіеўскай царквы сяла Дваранінавічы, вёска пры ручаі Рынейка. Паводле перапісу 1897 года вёска ў складзе Бортнікаўскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1920 годзе адкрыта школа, у 1925 годзе ў школе 35 вучняў. У 1930 годзе арганізаваны калгас «імя А. І. Ягорава», мелася кузня. 23 вяскоўца загінула на фронце падчас Вялікай Айчынай вайны. У 1986 годзе 68 гаспадарак у складзе калгаса «імя Дзяржынскага», працуе клуб.
Паказчык | 1838 | 1857 | 1897 | 1907 | 1917 | 1926 | 1959 | 1970 | 1986 | 1997 | 2007 | 2014 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Колькасць двароў, адзінак | няма
звестак |
няма
звестак |
32 | 44 | 46 | 68 | няма
звестак |
няма
звестак |
68 | 55 | 45 | 34 |
Колькасць жыхароў, чалавек | 55 | 84 | 224 | 290 | 340 | 274 | 248 | 250 | 155 | 100 | 81 | 59 |