Лагойскае гарадзішча-замчышча — размешчана на правым беразе р. Гайна (цяпер — Парк культуры і адпачынку, Лагойск).
Пляцоўка плошчай 1,5 га умацавана валам вышынёй 3 м і ровам. Даследаваў у 1966, 1968, 1971 гг. Г. В. Штыхаў, раскапана 420 м2. Культурны пласт 0,8—1,2 м, у паўночна-ўсходняй частцы раскопу — да 1,7 м; мае 2 гарызонты з пясчанай праслойкай паміж імі. У ніжнім гарызонце знойдзены невялікі гаршчок з лінейным арнаментам 2-й паловы X ст., некалькі абломкаў ляпнога посуду, шмат фрагментаў кухонных гаршкоў, пашыраных у Полацкай зямлі ў XI—XIII стст., жалезныя наканечнікі стрэл, шпоры, стрэмя, дэталі замкоў, спружынныя нажніцы, фігурны разец (лыжкар), ключы ад навясных замкоў, гіра ад вагаў, шыферныя прасліцы, фрагменты шкляных каляровых бранзалетаў, касцяныя трапецападобныя грабяні, абломкі амфар, керамічныя пліткі для падлогі (адна з іх квадратная, памерамі 8x8 см, таўшчынёй 2 см, пакрытая жоўтай палівай, у гліне шмат жарствы), вырабы з каляровых металаў (бронзавыя падвеска-канёк з цыркульным арнаментам, падковападобная спражка). У верхнім гарызонце знойдзены абломкі пасудзін з зялёнай палівай і пячная кафля, непаліваныя гаршкі XIV—XVII стст., будаўнічыя матэрыялы XVI—XVIII стст. — цэгла і зялёная паліваная кафля. Пры зачыстцы вала з унутранага боку на глыбіні 1 м знойдзены фрагменты паліванай кафлі і посуду XVI—XVIII стст. разам з абломкамі керамікі XII—XIII стст. 3 поўдня да замчышча прымыкаў пасад старажытнага горада, культурны пласт якога моцна пашкоджаны перакопамі. Славянскае паселішча на р. Гайна ўзнікла раней, чым звесткі пра Лагойск трапіла ў пісьмовыя крыніцы.