wd wp Пошук:

Кітовая акула

Кітовая акула (Rhincodon typus) — самы буйны від акулы, а таксама самы буйны прадстаўнік сярод рыб, што жывуць сёння. Адзіны від у сямействе кітовых акул (Rhincodontidae).

Апісанне

У кітовай акулы магутнае, цяжкае цела, параўнальна малая галава з ротам на канцы, маленькімі вачыма і вельмі вялікімі жабернымі шчылінамі. Уздоўж бакоў тулава выцягваюцца грабяні. Хваставы плаўнік мае форму месяца, а яго вось крута павернута ўверх. Цёмна-шэрае ці карычневае цела ўсеяна шматлікімі белымі або жаўтаватымі плямамі. Зубы вельмі дробныя і шматлікія (да 15 тысяч).

Хаця, па аповядах некаторых сведкаў, ім сустракаліся экземпляры даўжынёй ад 18 да 20 м, самая буйная калі-небудзь вымераная асобіна налічвава даўжыню 13,7 м. Вага можа дасягаць 12 т. Нягледзячы на вялікія памеры, кітовая акула для чалавека абсалютна бяспечная, бо харчуецца (як гіганцкая акула і акула-велікарот) выключна планктонам і іншымі дробнымі арганізмамі, якіх яна фільтруе, уцягваючы ў пашчу ваду.

Пашырэнне

Распаўсюджана ў трапічных і субтрапічных водах, дзе часам трапляецца чародамі. Прысутнічае ў розных акіянах, звычайная ля Філіпінскіх астравоў, Паўднёвай Каліфорніі, водах Карыбскага мора і інш. Вельмі рэдка сустракаецца па-за цеплаводнымі раёнамі. Пелагічная, назіраецца ў паверхневых слаях вады.

Асаблівасці біялогіі

Харчуецца дробнымі планктоннымі жывёламі: ракападобнымі, невялікімі рыбамі, кальмарамі. Паволі рухаецца з шырока адкрытай пашчай і збірае ежу ў ротавую поласць. Калі акула закрывае рот, вада прафільтроўваецца скрозь жаберныя адтуліны цераз асаблівае сіта, утворанае мяккай губчатай тканкай, якая падтрымліваецца храсткамі, што злучаюць жаберныя дугі. Затым адцэджаныя кармавыя арганізмы праз вузкі стрававод трапляюць у страўнік. Зубы пры такім спосабе жыўлення служаць не для кусання, а для затрымання здабычы ў роце.

Яйцажывародная. Зародкі развіваюцца ў яйцах, заключаных у рагавыя капсулы.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 Систематика и синонимия(англ.) . BioLib. Праверана 4 верасня 2011.
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Акулы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1828 годзе
Катэгорыя·Уразлівыя віды