wd wp Пошук:

Кітайскі весланос

Кітайскі весланос, псяфур[1] (Psephurus gladius) — від рыб сямейства весланосых, адзіны прадстаўнік роду псяфураў. Адна з найбуйнейшых прэснаводных рыб у свеце, прызнана вымерлай[2][3].

Апісанне

Даўжыня цела можа перавышаць 3 м, маса — 300 кг. Ёсць звесткі, што псяфур можа дасягаць даўжыні 7 м і масы ў 500 кг, што робіць яго найвялікшай прэснаводнай рыбінай у свеце, але дакументальных пацвярджэнняў гэтаму няма.

Цела выцянутае, з цёмна-шэрай спіной і белай брушной вобласцю, пакрыта вельмі дробнымі, разрозненымі шыпамі. Вочы слабаразвітыя. Ад чвэрці да траціны даўжыні рыбы складае выраст верхняй сківіцы, на якім знаходзяцца спецыяльныя рэцэптары, што дапамагаюць у пошуку ежы.

Пашырэнне

Некалі рыба была звычайнай у рацэ Янцзы ў Кітаі. Аднак у 1970-я гады ў Янцзы вялі актыўны рыбны промысел. Весланосаў вылоўлівалі ў вялікіх колькасцях: каля 25 тон у год. У выніку да канца дзесяцігоддзя папуляцыя рыб значна скарацілася, і ў 1983 годзе прамысловы лоў весланосаў быў забаронены. Пасля папуляцыя скарацілася яшчэ мацней праз забруджванне вады і будаўніцтва плацін. Апошні кітайскі весланос быў заўважаны жывым у 2003 годзе. У 2020 годзе навукоўцы заявілі аб поўным знікненні кітайскіх весланосаў у адпаведнасці з крытэрамі Чырвонай кнігі.

Асаблівасці біялогіі

Драпежнік паляваў на дробных і сярэдніх рыб, таксама ўжываў у ежу разнастайных ракападобных.

Адна з прычын вымірання — адсутнасць хуткага ўзнаўлення. Самкі весланосаў дасягалі палавога сталення да 6-15 гадоў, а самцы — да 12-14 гадоў.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8. — С. 487
  2. livescience.com
  3. nashaniva.by
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Весланосыя
Катэгорыя·Віды, якія зніклі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Эндэмікі Кітая
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара