wd wp Пошук:

Кубак памяці Кей Сюзан па снукеры

Кубак памяці Кей Сюзан (англ.: Kay Suzanne Memorial Cup) або Трафей памяці Кей Сюзан (англ.: Kay Suzanne Memorial Trophy) — былы прафесійны нізкарэйтынгавы турнір па снукеры. Ён быў заснаваны ў 2011 годзе і заўсёды праходзіў у паўднёва-заходняй акадэміі снукера ў Глостэры, Англія.

У 2013 годзе турнір праходзіў на працягу чатырох дзён у пачатку лістапада (першы розыгрыш турніру праходзіў у пачатку кастрычніка), а ў апошнюю нядзелю былі згуляныя матчы 1/8 фіналу, чвэрцьфіналы, паўфіналы і фінальны двубой спаборніцтва.

Фармат кубку памяці Кей Сюзан уключаў у сябе тры кваліфікацыйныя раунды, якія праходзілі ў першы дзень турніру і ў якіх маглі прыняць удзел усе жадаючыя аматары за пэўную плату (у 2011 і 2012 гадах праходзіла толькі па два кваліфікацыйныя раунды). У асноўную стадыю трапляла 128 снукерыстаў, якія гулялі на выбыванне, пачынаючы з 1/64 фіналу.

Пераможцам першага розыгрышу турніру стаў Роні О’Саліван, а турнір 2012 года застаўся за Джонам Хігінсам. Пераможцам апошняга спаборніцтва ў 2013 годзе стаў Марк Ален з Паўночнай Ірландыі. На трафеі памяці Кей Сюзан 2012 года Курт Мэфлін выканаў серыю ў 145 балаў, якая стала найвышэйшай у гісторыі спаборніцтва.

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Снукерныя турніры ў Англіі