Касця́гаўскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Цэнтр — пасёлак Ленінскі.
Утвораны 16 ліпеня 1954 года ў складзе Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці БССР шляхам аб’яднання скасаваных Горскага і Казельскабудскага сельсаветаў з цэнтрам у вёсцы Касцягаўка[1]. 19 студзеня 1960 года цэнтр сельсавета перанесены ў пасёлак Ленінскі[2]. 11 красавіка 1960 года да сельсавета далучана частка скасаванага Гніліцкага сельсавета (15 населеных пунктаў: Арцёхаў, Вясёлы, Гніліца, Грозны, Зарэчча, Зборны, Каўпіта, Леніна, Льва Талстога, Мікольск, Някрасава, Рашатнёўка, Слабада, Стайкі і Холмінкі) і частка скасаванага Палужскага сельсавета (7 населеных пунктаў: Горанка, Грыбы, Дубраўка, Загарэнне, Лявонаўка, Новы Свет і Раманоў), у склад Высакаборскага сельсавета перададзены 10 населеных пунктаў (Галузы, Залясок, Зара, Казелле, Касцягаўка, Коз-Буда, Ленінскі, Лесавы, Рэпішча і Сталінскі), цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Горы, сельсавет перайменаваны ў Горскі[3].