wd wp Пошук:

Картэзіянцы

Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў на малюнку Н. Орды

Ордэн Картузіянцаў — кантэпляцыйны манаскі Ордэн, заснаваны ў канцы XI стагоддзя, які атрымаў назву ад кляштара «Grande Chartreuse» (лат. Cartusia)

Гісторыя

На чале заснавальнікаў Ордэну стаяў святы Бруна Кёльнскі, які разам з шасцю аднадумцамі, у 1084 годзе ў мястэчку Шартроз, побач Грэнобля, заснаваў першы картузіянскі кляштар. Першапачаткова Ордэн атрымаў распаўсюджванне толькі ў Францыі, але да другой паловы XII стагоддзя такія кляштары меліся ўжо ў шматлікіх краінах Еўропы: у Швейцарыі (1146), Швецыі (1162), Іспаніі (1163), Італіі (1171), Англіі (1178), Ірландыі (1252), Германіі (1320), Польшчы (1360) і інш.

У перыяд найвышэйшага росквіту (кан. XV — пач. XVI ст.) Ордэн налічваў 196 кляштараў.

Ва Усходняй Еўропе найбольш вядомым быў кляштар, заснаваны ў 1648 годзе ў мястэчку Бяроза (цяпер Беларусь). Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай кляштар апынуўся на тэрыторыі Расійскай Імперыі, і быў зачынены ў 1831 г. Манахі гэтага манастыра пераехалі ў іншыя кляштары картэзіанцаў, а апошні настаяцель-Прыор айцец Павел Геніуш перайшоў у Ордэн бенэдыктынцаў. З часам ён стаў там настаяцелем і памёр на тэрыторыі сучаснай Польшчы, маючы рэпутацыю мудрага і святога манаха.

У XVI стагоддзі картэзіянцы падзялілі лёс усіх манаскіх супольнасцяў той эпохі. З пачаткам Рэфармацыі і рэлігійных войнаў Ордэн страціў 94 кляштара, а ў Англіі і Германіі больш за 50 манахаў загінулі пакутніцкай смерцю. Тым не менш ў XVII ст. картузіянцы змаглі аднавіць свае пазіцыі, і да 1676 г. налічвалі 173 кляштара па ўсім свеце. Моцны ўдар па Ордэну нанесла Французская Рэвалюцыя, падчас якой быў закатаваны 51 картузіянец. У канцы жа XX — пач. XXI стагоддзя, з прыходам ліберальных улад, пачаўся масавы пераслед картузіянцаў у Еўропе. Вынікам такой палітыкі стала зачыненне мноства кляштараў у Францыі, Італіі, Германіі і інш. Да цяперашняга часу 7 манахаў — картузіянцаў кананізаваныя і 22 беатыфікаваныя. Беатыфікацыйныя працэсы, згодна з традыцыяй Ордэна, пасля першых стагоддзяў існавання, больш не праводзяцца.

За амаль тысячагадовую гісторыю картузіянцы не раз падвяргаліся масавым пераследам, разбурэнням кляштараў і мноства манахаў атрымалі пакутніцкі вянок. Але, не гледзячы на ўсе цяжкасці, Ордэн выстаяў і змог захаваць непахіснасць векавых традыцый духоўнага жыцця.

Жаночая галіна

Картэзіянкі з’явіліся ў якасці жаночай галіны Ордэна ў XII стагоддзі ў Францыі. Вядучы кантэпляцыйнае малітоўнае жыццё, жанчыны лаканічна ўліліся ў стройную структуру Ордэна. Рэгула жаночай галіны не мае ніякіх паслабленняў у аскетычных практыках і колькасці малітваў, дакладнага захавання святой цішыні (лац. silentium sacrum), і прадпісаннях, адносна выхаду па-за межы келіі і кляштара. Малітва, інтэлектуальная і фізічная праца, а таксама ўмераны адпачынак спрыяюць інтэгральнаму развіццю кожнай асобы ў Ордэне.

Цяперашні час

На сённяшні дзень Картэзіянскі Ордэн налічвае па ўсім свеце каля 400 манахаў і манашак, якія жывуць у 23 кляштарах Францыі, Іспаніі, Італіі, Англіі, Аргенціне, Бразіліі, Германіі, Партугаліі, Славеніі, Злучаных Штатах Амерыкі, Швейцарыі і Паўднёвай Карэі. Пакуль што няма ніводнага мужчынскага ці жаночага кляштараў на тэрыторыях славянскіх краінаў, які б актыўна дзейнічаў, хоць Ордэн і мае прадстаўнікоў гэтай этна-моўнай супольнасці. Апроч унутранага жыцця ў кляштары, манахі таксама займаюцца напісаннем духоўнай літаратуры, якая карыстаецца вялікім попытам.

Духоўнасць

Асновай духоўнасці картэзіянцаў з’яўляецца поўны зыход ад свету, кантэмпляцыйнае і адасобленае жыццё, напоўненая фізічнай і інтэлектуальнай працай, сталай малітвай. Картэзіянскі Ордэн быў заснаваны дзеля праслаўлення Бога, шукання Яго і ўз’яднання з Ім. Не гледзячы на тое, што гэта агульная мэта жыцця ўсіх хрысціян, але асаблівасць Ордэна ў тым, што ў яго членаў няма іншых мэтаў. Увесь іх жыццёвы ўклад падпарадкаваны гэтай адзінай мэце, каб яны маглі «старанна шукаць, хутка знайсці і здабыць Пана Бога», дайшоўшы менавіта такім чынам «да дасканалай любові» (Statuta). Таму картузіянец выракаецца ўсяго, што не вядзе яго да гэтай адзінай, галоўнай мэты.

Манахі не карыстаюцца нейкімі своеасаблівымі малітоўнымі практыкамі, памятаючы аб тым, што адзіным шляхам да Айца з’яўляецца Яго Сын. Сузіральнае жыццё не цікавіцца дзейнасцю самога чалавека, яно скіраванае на тое, якое дзеянне вырабляе ў гэтым чалавеку Пан Бог.

Ордэн мае сваё асаблівае апостальства: манахі, якія прысвяцілі сябе Богу, жыццём і малітвай заступаюцца за ўсіх людзей, а іх адзінота (solitudo) і самаахвяраванне з’яўляецца яркім сведчаннем веры для ўсяго астатняга свету.

Разам з гэтым, картузіянцы выконваюць місію, даручаную ім Касцёлам: падобна крывяносным венам, Ордэн распаўсюджвае жыццёвую моц па ўсім Містычным Целе Хрыста. «Адасобленыя ад усіх, але трываючыя ў сувязі з ўсімі, мы стаім ад імя свету перад Жывым Богам» (Statuta).

Адрозненні ад іншых манашскіх супольнасцяў

Істотнымі адрозненнямі Ордэна Картэзіянцаў, ад астатніх кантэмпляцыйных супольнасцяў (Цыстэрцы, Бэнэдыктынцы, Камедулы і інш.) з’яўляюцца:

Супольнасць картэзіянцаў складаецца з манахаў-святароў і тых, хто рыхтуецца імі стаць, а таксама манахаў-братоў. Ёсць таксама і тыя браты-манахі, якія не складаюць Урачыстых шлюбаў (professio Sollemnis) і прабываюць у манастыры нейкі час, або ўсё жыццё. Усе яны жывуць у строгай адзіноце і маўчанні, не пакідаючы келіі ў гадзіны не вызначаныя ў Рэгуле, акрамя як тройчы ў дзень на Літургію і часцей ў нядзелю.

У сваіх келлях манахі-айцы праводзяць час у малітве, чытанні, вучобе і працы. Кожны айцец, на роўні з штодзённай канвентуальнай Імшой, таксама перажывае Еўхарыстыю ў сваёй адасобленай капліцы. Айцы жывуць у сваіх злучаных крытай галерэяй асобных келлях. Адданасць ім мае вельмі вялікае значэнне ў жыцці картэзіянца: «Гэта святое месца, дзе слуга Божы часта размаўляе з сваім Панам, дзе душа злучааецца з Словам Божым, дзе нявеста знаходзіцца ў прысутнасці Жаніха, дзе аб’ядноўваецца нябеснае з зямным і Боскае з чалавечым» (Statuta).

Браты таксама займаюцца забеспячэннем унутранага жыцця кляштара (кухня, агарод, рамонт і інш.) і маюць больш вольнага руху, чым манахі-айцы. Такім чынам, кожны навіцый можа абраць той лад служэння, які яму бліжэйшы. Браты прысвячаюць больш часу фізічнай працы, чым айцы, аднак, не больш сямі гадзін у дзень. «Варта ім клапаціцца аб тым, каб старанна захоўваць у сваім сэрцы памяць аб Богу, як у адзіноце келлі, так і ў сваёй працы»(Statuta).

Картэзіянская літургія

На пачатку існавання Ордэна, святы Бруна і яго браты адаптавалі літургію да сваёй эрэміцкай формы жыцця. У параўнанні з Рымскім, Картузіянскі рытуал мае прасцейшую і суровую структуру: працяглаю адарацыю, маўчанне, медытацыю і кантэмпляцыю. На працягу стагоддзяў Ён апынуўся пад ўплывам Галіканскай літургіі. Пры служэнні святой Імшы перавага аддаецца лацінскай мове, а сам рыт, непасрэдна, бярэ свае карані ў высокім сярэднявеччы, і застаецца нязменным дагэтуль, толькі часткова ўвабраўшы ў сябе элементы II Ватыканскага Сабора.

Асноўныя характарыстыкі літургіі Ордэна:

Склад жыцця манахаў

Картэзіянская келля

На світанку цэлебруецца канвентуальная Імша з удзелам усіх манахаў кляштара, што з’яўляецца выразам іх унутранага адзінства. Акрамя яе, кожны айцец, у сваёй асабістай капліцы, штодня мае прыватную Еўхарыстыю. Яго сустрэча з Хрыстом, працякае ў поўнай цішыні і адзіноце, даючы святару выдатную магчымасць пагрузіцца ў містэрыю адкуплення чалавека.

У канцы дня, картузіянцы зноў сустракаюцца ў касцёле для сумесных Нешпараў (Ad Vesperas). Іншыя жа часткі Літургіі Гадзін (Ad Primam, Tertiam, Sextam, Nonam) праводзяцца кожным манахам у сваёй келіі, акрамя святочных дзён, калі Афіцый спяваецца ў касцёле.

Валодаючы вялікай пашанай да Багародзіцы, манахі далучылі да штодзённай Літургіі Гадзін паралельны Афіцый да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Нястомная малітва картузіянцаў не спыняецца нават уначы. Пасля кароткага сну, манахі ўстаюць, каб пачаць малітву ў сваіх келлях, а затым ідуць у касцёл на сумесныя малітвы (Matutinum et Laudes), якія працягваюцца ля трох гадзін. У гэты час спяваюцца псалмы, чытаецца Святое Пісанне і фрагменты тэкстаў Айцоў Касцёла. Начныя чуванні завяршаюцца малітвай у сваіх келлях, пасля чаго манахі ідуць на адпачынак.

Картэзіянскі шпацыр

Раз на тыдзень манахі-пустэльнікі маюць шпацыр па-за межамі кляштара. Яны ідуць парамі. Гэта рэдкі момант, калі картэзіянцы могуць пагутарыць. Пары складаюцца такім чынам, каб з часам усе манахі паразмаўлялі адзін з адным. У братоў такі шпацыр бывае раз у месяц, але ён не абавязковы. Акрамя яго і нейкіх надзвычайных выпадкаў, накшталт візіту да лекара, манахі ніколі не пакідаюць кляштар. Родныя могуць прыязджаць да іх адзін раз у год на два-тры дні, або два разы на год па адным дні.

У выніку адасобленасці ад свету Ордэн ніколі за сваю гісторыю не быў рэфармаваны. Картэзіянцы кажуць, што «Сartusia numquam reformata, quia numquam deformata». Дэвізам жа Ордэна з’яўляецца выраз «Stat crux dum volvitur orbis» («Крыж стаіць, пакуль круціцца Зямля»).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Картэзіянцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Каталіцкія ордэны і кангрэгацыі