wd wp Пошук:

Карта Віда-Ляцкага

Ка́рта Віда-Ляцкага — першая вядомая геаграфічная карта, створаная і выдадзеная на тэрыторыі ВКЛ (першае выданне — Антверпен, 1542 (?), другое — Вільня, 1555).

Паказвае ўсходнія раёны Маскоўскай дзяржавы і частку тэрыторыі ВКЛ, прызначалася для інфармавання заходнееўрапейскай аўдыторыі пра малавядомую Масковію. Гравёр і картограф Антоній Від разам з аселым у Літве былым акольнічым Васіля III Іванам Ляцкім працавалі над ёй у 1537—1542 гадах, скарыстаўшыся картаграфічнымі матэрыяламі, вывезенымі Ляцкім з Масквы ў 1534 годзе. Яшчэ да апублікавання Ляцкі рассылаў чарнавыя варыянты карты вядомым еўрапейскім вучоным, у тым ліку Себасціяну Мюнстэру (1540) і Сігізмунду Герберштэйну (1541).

На карце нанесеныя стратэгічныя замкі памежжа ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы — Веліж, Віцебск, Гомель, Кіеў, Крычаў, Орша, Полацк, Смаленск, — на думку Міхася Ткачова, выявы замкаў добра стасуюцца з археалагічнымі і інвентарнымі звесткамі і зробленыя з натуры. Пададзеная інфармацыя пра Аршанскую бітву 1514 года з сімвалічным малюнкам. Некалькі дзесяцігоддзяў лічылася адной з самых верагодных карт Масковіі. У 1570 годзе яе перагравіраваў Франц Хогенберг, адзін з рэдактараў энцыклапедычнай серыі «Гарады зямнога шара».

Карта з’яўляецца найбольш раннім вядомым помнікам старабеларускага свецкага кнігадрукавання, змяшчаючы тлумачальны тэкст на старабеларускай мове з вялікай колькасцю паланізмаў. Белая Русь, паводле карты Віда-Ляцкага — іншая назва Маскоўскай дзяржавы.

Гл. таксама

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумара тома
Катэгорыя·Гістарычныя карты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула