wd wp Пошук:

Камень-кравец

Камень-кравец - у беларускай міфалогіі валун, якія нібыта меў цудадзейную сілу шыць людзям адзенне. Паданні часта звязваліся з сапраўднымі валунамі, многія з каторых дажылі да нашых дзён.

Апісанне

Валун пад вёскай Высокі Гарадзец Талачынскага раёна насіў імя Сцяпан. Па легенде, людзі прыносілі яму на ноч тканіну і гаварылі: “Сцяпан, пашый мне жупан”, а раніцай забіралі гатовыя рэчы. Аднойчы п’яная жанчына дзеля здзеку загадвае камню, каб той пашыў ёй “ні то, ні сё”. Раніцай яна знайшла брыдкую вопратку, на якой усё было прышыта не туды, куда трэба. З таго часу Камень перастаў шыць[1]. Многія легенды прыпісваюць цудадзейную здольнасць шыць адзенне нячыстаму ці цмоку, які жыве ўнутры камня (нярэдка паведамляецца, што раней ў валуне былі адтуліны, нібыта вокны).

Інтэпрэтацыя

Імя Сцяпан у беларускіх паданнях носіць то камень-кравец, то вялікан (волат). Святы Сцяпан быў хрысціянскім заменнікам бога Вялеса. Люцыпар (Чорт) па некаторых паданнях жыве ў Пекле, якое знаходзіцца не пад зямлёю, а ўнутры гары на краі свету[2]. Чорт выступае хрысціянскім займеннікам Вялеса ў тых сюжэтах, дзе Вялес ворагуе з іншым боствам (якое ў хрысціянізаваных паданнях атоесамліваесся з Госпадам Богам ці Спасам). Кашчэй Бессмяротны ў казцы «Каваль» таксама жыве ўнутры гары. С. Санько атоесамлівае гэтую гару з валуном, які знаходзіўся пасярод першароднага акіяну да стварэння сусвету[3]. У адным тэксце сусвет утварыўся пасля таго, як бог Пярун (Дундар) пачаў біць маланкамі па гэтаму валуну. У веснавых песнях існуе намёк на тое, што па валуну мог біць капытамі Юр’еў (Ярылін) конь. Цікава, што лукомскі цмок, які жыў унутры мясцовага камня-краўца і шыў адзенне, быў забіты маланкамі.

Такім чынам, вобраз камня-краўца можа быць інтэпрэтацыяй валуна з касмаганічных міфаў, а таксама жытла хтанічнага боства (верагодна, Вялеса).

Зноскі

  1. Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / складальнік А.І.Гурскi. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990, с 223-224
  2. БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | МІФАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЎ Ігар ВУГЛІК. ЛЕКЦЫЯ 2. БЕЛАРУСКАЯ КАСМАГОНІЯ Архівавана 15 верасня 2012.
  3. СЯРГЕЙ САНЬКО. ПЕРШАЯ ФАЗА КАСМАГЕНЭЗУ ПАВОДЛЕ ФАЛЬКЛЁРНЫХ КРЫНІЦ(недаступная спасылка)
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Беларуская міфалогія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Міфалогія