У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Фабры.
Зо́льтан Фа́бры (венг.: Zoltán Fábri; 15 кастрычніка 1917, Будапешт — 23 жніўня 1994, Будапешт) — венгерскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Народны артыст Венгрыі (1965). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Венгрыі 1953, 1955, 1970.
Рыхтаваўся стаць мастаком, вучыўся ў Інстытуце выяўленчых мастацтваў, затым у Будапешцкай тэатральнай акадэміі, якую скончыў у 1941 годзе. У 1941—1944 гадах акцёр і рэжысёр Нацыянальнага тэатра, у 1949 кіраўнік тэатра юнага гледача ў Будапешце. У 1952 годзе дэбютаваў як кінарэжысёр (фільм «Бура»).
Ствараў разнастайныя па жанрах і стылях фільмы, у якіх разглядаў асобу ў сувязі з гістарычным і сацыяльным асяродкам: «Карусель» (1956), «Спадар настаўнік Ганібал» (1956, прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Ганна Эйдэш» (1958), «Два таймы ў пекле» (1961), «Дваццаць гадзін» (1965, прызы міжнародных кінафестываляў у Маскве, Венецыі), «Пасля сезона» (1966, прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Венецыі), «Пятая пячатка» (1976, галоўны прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Маскве), «Венгры» (1978), «Рэквіем» (1982), «Прыходзьце на мае імяніны» (1984) і інш. Выступаў як сааўтар сцэнарыяў і мастак сваце фільмаў, тэатральны сцэнограф, кніжны графік. Яго творчасці прысвечаны фільм «Зольтан Фабры» (1980).