wd wp Пошук:

Злая Біблія

Злая Біблія (англ.: Wicked Bible, таксама Біблія пралюбадзеяў, Adulterous Bible або Біблія грэшнікаў, Sinners’ Bible) — Біблія, выдадзеная ў 1631 годзе ў Англіі з грубай граматычнай памылкай.

Характарыстыкі выдання

Гэтае выданне Бібліі караля Якава было прадпрынята «каралеўскім друкаром» Робертам Баркерам[en] і Марцінам Лукасам у 1631 годзе. Тыраж новага выдання складаў тысячу асобнікаў[1].

Скандал вакол прапушчанага слова

Вылучаны радок з памылкай

У тэксце новага выдання была дапушчана грубая памылка — у адной з дзесяці запаведзяў была прапушчана часціца «не» і спалучэнне «не пралюбадзейнічай» было аддрукавана як «пралюбадзейнічай» (англ.: Thou shalt commit adultery замест Thou shalt not commit adultery)[2]. Памылка была заўважана, амаль увесь тыраж удалося канфіскаваць і знішчыць, аднак некалькі асобнікаў ацалелі[3] і захаваліся ў наш час у прыватных калекцыях і буйных бібліятэках, галоўным чынам у Англіі і ЗША, у прыватнасці ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы. Выдаўцы Бібліі былі аштрафаваны на 300 фунтаў (43 586 фунтаў у цяперашніх коштах)[4] і пазбаўлены друкарскай ліцэнзіі.

У першыя стагоддзі пасля вынаходства друкарскага прэса і яго ўкаранення ў Англіі (у 1470-я гады) памылкі друку ў кнігах, у тым ліку і ў рэлігійных тэкстах былі частымі, але галоўным чынам уяўлялі сабой звычайны пропуск літары ці перастаноўку літар у слове. Таму існуе гіпотэза, што пропуск цэлага слова быў вынікам сабатажу з боку Бонема Нортана[en] — асноўнага суперніка Баркера ў барацьбе за прэстыжнае званне «каралеўскага друкара»[1]. Магчыма, за гэтай памылкай друку стаяў хтосьці з іншых канкурэнтаў Баркера, зацікаўленых у яго дыскрэдытацыі[5]. У той жа час падобная памылка друку была дапушчана ў яшчэ адным выданні Бібліі таго ж 1631 года, вядомым, як «Біблія вар’ятаў» (англ.: The Fools Bible), дзе замест «Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога» было надрукавана «Сказаў шаленец у сэрцы сваім: ёсць Бога» (англ.: The fool hath said in his heart there is a God замест The fool hath said in his heart there is no God). Гэта памылка друку абыйшлася друкарам у тры тысячы фунтаў[6].

Зноскі

  1. 1 2 Rebecca McFarland The Mistake(нявызн.) (недаступная спасылка). Houston Baptist University (16 студзеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2014. Праверана 22 лютага 2015.
  2. Ганебная памылка друку ў старажытнай Бібліі Архівавана 16 лютага 2015.
  3. Самыя знакамітыя памылкі друку ў свеце
  4. The Annual RPI and Average Earnings for Britain, 1209 to Present (англ.)
  5. P. M. Handover. The “Wicked” Bible and the King’s Printing House, Blackfriars // The Times House Journal. — December 1958. — P. 215-218.
  6. Ray L. Huntington, W. Jeffrey Marsh, Andrew C. Skinner, and David M. Whitchurch. Challenges in printing early English Bibles // Religious Educator. — 2004. — Vol. 5. — № 1. — P. 14-29.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·З’явіліся ў 1631 годзе
Катэгорыя·Памылкі
Катэгорыя·Біблія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Кнігі паводле алфавіта