wd wp Пошук:

Захар Захаравіч Кавальчук

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кавальчук.

Заха́р Заха́равіч Кавальчу́к (1893, в. Крыўляны Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) — 30 кастрычніка 1937, Менск, турма НКУС) — савецкі партыйны і прафсаюзны дзеяч, кандыдат у члены Сакратарыята ЦК КП(б)Б, старшыня Цэнтральнага Савета прафсаюзаў БССР.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1893 годзе ў вёсцы Крыўляны Пружанскага павета (цяпер у Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці) ў сялянскай сям’і.

У 1911 годзе, у 18-гадовым узросце, сеўшы на параход у Лібаве, з’ехаў у Амерыку на заробкі. Працаваў чорнарабочым у сталеліцейным цэху ў Пенсільваніі, неўзабаве перабраўся ў Дэтройт, штат Мічыган. Тут пражывала шмат эмігрантаў з Расійскай імперыі, у тым ліку вядома, што з восені 1914 года ў Дэтройце працаваў Іван Іванавіч Аноцкі, ураджэнец Пружанскага павета. У канцы 1916 года Кавальчук далучыўся да расійскай федэрацыі Амерыканскай сацыялістычнай партыі. Пасля яе распаду далучыўся да Камуністычнай партыі адразу па яе стварэнні ў верасні 1919 года. Абраны сакратаром партячэйкі аўтазавода.

Арыштаваны паліцыяй за палітычную дзейнасць. Правёў у турме пяць месяцаў, пасля быў высланы з ЗША «як непатрэбны элемент». На параходзе даплыў да Кітая, а адтуль цягніком дабраўся да Масквы.

Працаваў ліцейшчыкам на Маскоўскім аўтамабільным заводзе, дзе толькі пачыналі выпускаць першыя савецкія «палутаркі». Уступіў у ВКП(б) (1920), быў накіраваны ў Маскоўскую савецка-партыйную школу. Пасля працаваў у Маскоўскім павятовым камітэце РКП(б). Аднак імкнуўся вярнуцца на радзіму, да бацькоў, братоў і сясцёр, якія на той час пражывалі пад уладай Польшчы. Паспрабаваў шукаць працу ў Менску. Праз першага сакратара ЦК КП(б)Б Канстанціна Гея ў 1930 быў прызначаны сакратаром Аршанскага акругкама КП(б)Б. Пасля працаваў загадчыкам аддзела кадраў ЦК КП(б)Б, сакратаром Менскага гаркама партыі.

На XIV з’ездзе КП(б)Б, які адкрыўся ў канцы студзеня 1932 года, увайшоў у склад прэзідыума з’езду разам з Р. П. Грысевічам, П. М. Рачыцкім, Е. П. Убарэвічам, А. Р. Чарвяковым. У гэтым самым года выбраны членам Бюро ЦК КП(б)Б, у склад якога ўвайшлі М. М. Галадзед, М. Ф. Гікала, Р. П. Грысевіч, Е. П. Убарэвіч, А. Р. Чарвякоў, В. Ф. Шаранговіч і іншыя. Кандыдат у члены бюро ЦК КП(б)Б (1934—1936).

У жніўні 1932 года выбраны старшынёй Цэнтральнага савета прафсаюзаў БССР (ЦСПСБ). Пасля таго, як ЦСПСБ злучылі з Наркаматам працы БССР, стаў фактычна трэцяй асобай у рэспубліцы пасля Мікалая Гікалы і Мікалая Галадзеда.

У лютым 1935 года быў дэлегатам VII з’езду Саветаў СССР, абраны сябрам ЦВК СССР.

У 1937 выкліканы ў Маскву і выключаны са складу ЦВК за прыналежнасць да трацкісцкай апазіцыі ў 1923 годзе. Падчас арышту дырэктар рыбна-кансервавага завода. Арыштаваны 29 ліпеня 1937 года ў Мінску па адрасе: вул. Ленінская, д. 36/43, кв. 22. Выключаны з партыі ў сувязі з арыштам. Асуджаны 29 кастрычніка 1937 «тройкай» НКУС, як «актыўны член контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ў ноч з 29—30 кастрычніка 1937 года[1]. Жонка Таццяна з шасцігадовай дачкой Галяй сасланыя.

Рэабілітаваны пасмяротна 15 верасня 1956 года (паводле іншых звестак у сакавіку 1989).

Зноскі

  1. КАВАЛЬЧУК Захар Захаравіч. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Расстраляныя ў СССР
Катэгорыя·Сакратары ЦК КПБ
Катэгорыя·Першыя сакратары Мінскага гаркама КП Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 29 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Жабінкаўскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі 30 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1893 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1937 годзе
Катэгорыя·Рэабілітаваныя ў СССР
Катэгорыя·Пахаваныя ў Мінску
Катэгорыя·Старшыні Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пружанскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Пасмяротна рэабілітаваныя
Катэгорыя·Члены бюро ЦК КПБ