wd wp Пошук:

Жаноцкая справа

«Жаноцкая справа» — часопіс у Заходняй Беларусі, орган Аб’яднання беларускіх жанчын імя А. Пашкевіч (Цёткі). Выдаваўся ў сакавіку — лістападзе 1931 г. у Вільні на беларускай мове. Рэдактар Надзея Шнаркевіч.

Мэта

Меў на мэце пашырэнне нацыянальнай свядомасці сярод беларускіх жанчын, аб’яднанне іх на грунце грамадскай працы, а таксама агульнаасветніцкія задачы.

Змест часопіса і актуальныя тэмы

Часопіс узнімаў актуальныя пытанні жыцця, побыту, грамадскага становішча жанчын Заходняй Беларусі (артыкулы «Да працы» Шнаркевіч, «Да беларускіх матак» Ю. Антановіч, рубрыка «Да нас пішуць» і інш.). Гістарычна асэнсоўвалася абвяшсэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г. (арт. «Наша нацыянальнае свята»). Інфармаваў пра палітычныя і грамадскія падзеі ў Заходняй Беларусі і Польшчы: аб звальненні педагогаў з Віленскай беларускай гімназіі з-за палітычнай ненадзейнасці, арышце Б. Тарашкевіча, увядзенні надзвычайных судоў і новага турэмнага рэжыму ў Польшчы, дзейнасці Беларускага дабрадзейнага таварыства і інш. (рубрыка «Хроніка»). Знаёміў са становішчам жанчын і жаночымі рухамі розных краін у свеце (рубрыка «З жаноцкага свету»). Праводзіў агітацыю супраць алкагалізму. Даваў канкрэтныя парады як адкрыць беларускую бібліятэку-чытальню. Змяшчаў літаратурныя матэрыялы (артыкулы пра жыццё і творчасць Цёткі М. Зянюк; эцюд пра паэтэс савецкай Беларусі З. Бандарыну, В. Вішнеўскую, Я. Пфляўмбаўм, а таксама іх вершы; лірычна-інтымную мініяцюру Н. Арсенневай; пераклады замалёвак з чэшскай мовы). Інфармаваў чытача пра новыя беларускія выданні, асабліва пра кніжкі для дзяцей. Змяшчаў парады для хатняй гаспадыні (рубрыка «Парады маці» Л. Войцікавай, артыкулы аб гігіене З. Луцкевіч, аб шыцці і вышыванні А. Астроўскай (псеўд. Цётка Тоня), парады «Бабулькі» (верагодна, Войцікавай). Меў рубрыкі «Пытанні і адказы», «Рознае», «Наша пошта» і інш.

Літаратура

  1. 1 2 (unspecified title) Праверана 18 лютага 2022.
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Часопісы Вільнюса на беларускай мове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Друкаваныя выданні, якія ўзніклі ў 1931 годзе
Катэгорыя·Часопісы Заходняй Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Друкаваныя выданні, закрытыя ў 1931 годзе
Катэгорыя·Часопісы паводле алфавіта