Жакмар дэ Эсдэн або Жакмар дэ Эдэн (фр.: Jacquemart de Hesdin, каля 1355 — каля 1414) — французскі мастак-мініяцюрыст, які працаваў у стылі інтэрнацыянальнай готыкі.
Жакмар нарадзіўся ў Артуа. Эсдэн, ад назвы якога мастак атрымаў сваю мянушку, — крэпасць на землях сучаснага дэпартамента Па-дэ-Кале (у той час гэта была частка Фландрыі і валоданне герцагаў Бургундыі). Магчыма, што Жакмар нарадзіўся там. Ён быў адным са шматлікіх нідэрландскіх мастакоў, якія з сярэдзіны XIV стагоддзі працавалі па замовах французскага каралеўскага дома. Адзіны вядомы заказчык Жакмара — Жан Бэрыйскі (1340—1416), малодшы брат французскага караля Карла V, які выдаткоўваў вялізныя сумы на сваю калекцыю твораў мастацтва.
Большай часткай Жакмар жыў і працаваў у Буржы, дзе знаходзілася асноўная рэзідэнцыя Жана Бэрыйскага. Ён працаваў па замовах герцага з 1384 па 1414 гг. З 1384 года Жакмар дэ Эсдэн атрымліваў рэгулярнае ўтрыманне з казны герцага. Вядома, што мініяцюры Жакмара дэ Эдэна ўпрыгожваюць Малы часасловец (Petites Heures, Нацыянальная бібліятэка, Парыж), Брусельскі або Прыгожы часасловец (Tres Bellers Heures, Каралеўская бібліятэка ў Бруселі), Вялікі часасловец (Grandes Heures, Нацыянальная бібліятэка, Парыж). З іх Вялікі часасловец лічыцца галоўным творам мастака.