Жазеф Дзюкро (фр. Joseph Ducreux; 26 чэрвеня 1735 — 24 ліпеня 1802) — французскі мастак-партрэтыст.
Нарадзіўся ў сям’і мастака. Спачатку вучыўся ў свайго бацькі. У 1760 годзе пераехаў у Парыж, дзе хутка атрымаў вядомасць дзякуючы партрэтам. Навучаўся ў Марыса Кантэна дэ Латура. У 1769 годзе ездзіў у Вену, каб напісаць партрэт імператрыцы Марыі-Антуанэты перад яе вяселлем з Людовікам. Працаваў у тым ліку пры двары караля Людовіка XVI, за адзін з партрэтаў якога атрымаў ад манарха баронскі тытул.
Ён таксама намаляваў апошні партрэт караля перад пакараннем смерцю падчас Вялікай Французскай рэвалюцыі; сам мастак падчас рэвалюцыйных падзей з’ехаў у Лондан, але ў 1793 годзе вярнуўся і пасяліўся ў Парыжы, заснаваўшы буйны салон для мастакоў і музыкаў (Жак Луі Давід дапамог яму працягнуць афіцыйную кар’еру). Памёр па дарозе з Парыжа ў Сен-Дэні.
Дзюкро вядомы асаблівай увагай да фізіягномікі пры стварэнні сваіх партрэтаў. Таксама ён напісаў некалькі аўтапартрэтаў, на якіх часта адлюстроўваў розныя эмоцыі і станы, у тым ліку пазяханне.
У Дзюкро было некалькі дзяцей. Яго старэйшы сын Жуль быў мастаком і капітанам пяхоты, які загінуў у Бітве пры Жэмапе. Яго старэйшая дачка, Роўз-Адэлаіда Дзюкрэ, таксама стала мастачкай.