Закрытае акцыянернае таварыства «Дэ́льта Банк» — колішні камерцыйны банк у Рэспубліцы Беларусь, заснаваны ў 2001 годзе пад назвай «Атам-Банк». У 2015 спыніў сваё існаванне праз фінансавыя праблемы галоўнага акцыянера — уладальніка ўкраінскага «Дэльта Банка» Мікалая Лагуна[3].
Месцазнаходжанне: Мінск, вул. Р. Люксембург, 95.
S.W.I.F.T. ATOM BY 2X.
Зарэгістраваны 25 студзеня 2001 года[5] пад назвай ЗАТ «Атам-Банк» у СЭЗ «Мінск»[6]. У 2007 годзе кантрольны пакет акцый выкупіў уладальнік украінскага «Дэльта Банка» Мікалай Лагун. 29 жніўня 2007 «Атам-Банк» перайменаваны ў «Дэльта Банк»[7]. Дзякуючы ўкраінскаму капіталу банк атрымаў ліцэнзію Нацыянальнага банка на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці.
У канцы 2014 года ў ЗАТ з’явіліся праблемы з ліквіднасцю. 12 сакавіка 2015 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў на ЗАТ «Дэльта Банк» часовую адміністрацыю ў сувязі з нездавальняючымі паказчыкамі бягучай дзейнасці, прыпыніўшы паўнамоцтвы праўлення банка[8]. Сваю ролю адыгралі і падзеі, якія разгортваліся вакол украінскага «Дэльта Банка» (ён быў прызнаны неплацежаздольным, прычым яго праблемы пачаліся яшчэ вясной 2014 года). 18 сакавіка ліцэнзія на вядзенне банкаўскай дзейнасці была адклікана, вяртанне банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) ускладзена на Агенцтва гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў[3].
18 мая 2015 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь разглядзеў у адкрытым судовым пасяджэнні заяву ЗАТ «Дэльта-банк» пра банкруцтва. Суд прыняў рашэнне распачаць справу аб банкруцтве, закрыць усе рахункі банка і засяродзіць сродкі з іх на адным рахунку ў НБ РБ[9].
21 жніўня 2015 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў банк банкрутам[10].