wd wp Пошук:

Дом Грынгаўза

Дом Грынгаўза — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 14. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.

Гісторыя

Чарцёж фасада па праекце 1885 года па заказе Неваха Грынгаўза.
Схема двара. ХІХ стагоддзе

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая належала мінскім мяшчанам Радштэйнам. У 1877 годзе яны прадалі свой пляц з будынкамі мешчаніну Гілелю Вечарэвіну. Гэтыя будынкі былі значна пашкоджаны падчас вялікага пажару 1881 года. Пасля пажару Вечарэвін ўзгадніў у Мінскай гарадской управе праект на ўзнаўленне свайго мураванага двухпавярховага дома з надбудовай трэцяга паверха[1].

У 1885 годзе новы ўладальнік пляца купец Невах Грынгаўз з боку Турэмнай вуліцы пачаў будаўніцтва новага вялікага мураванага дома, якое было цалкам скончана ў 1886 годзе[1].

Гэта было прамавугольнае ў плане двухпавярховае збудаванне, накрытае двухсхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад, які фланкіравалі лапаткі з рустам і філёнгамі, быў падзелены на 2 ярусы прафіляванай цягай. У цэнтры будынка знаходзілася шырокая праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Абапал аркі былі выкананы такія ж самыя лапаткі, як на вуглах будынка. Аконныя і дзвярныя праёмы першага паверха прамавугольныя, на другім паверсе — лучковыя з сандрыкамі. На другім паверсе знаходзіліся два балконы з металічнымі кратамі. Адначасова на тэрыторыі пляца быў пабудаваны вялікі двухпавярховы флігель, а таксама комплекс гаспадарчых пабудоў[1].

У 1894 годзе гэтыя будынкі набыў мінскі банкір Леапольд Лур’е. Паводле інвентарызацыі 1910 года ўсе памяшканні ў доме Лур’е выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры (у будынку было 6 кватэр)[1].

Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад камунальныя кватэры. У 19201930-я гады ў былым доме Грынгаўза дабудаваны трэці паверх, які да 1941 года не быў атынкаваны[1].

У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак не пацярпеў. Пасля вайны быў атынкаваны трэці паверх будынка і часткова зменена яго планіроўка, а таксама закладзены дзвярныя праёмы з боку вуліцы. Да канца XX стагоддзя былы дом Грынгаўза выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры[1].

Архітэктура

Вырашаны аналагічна дому № 12 і з’яўляецца яго працягам. Трохпавярховы, накрыты двухсхільным дахам. Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю фасада. Галоўны фасад расчлянёны карнізнымі паясамі. Аконныя праёмы 1-га паверха — прамавугольныя, на 2-м паверсе лучковыя без ліштваў з прамымі сандрыкамі, на 3-м наверсе — паўцыркульныя. У цэнтры высокі лучковы арачны праезд, фланкіраваны руставанымі лапаткамі. Сіметрычна па фасадзе размешчаны невялікія балконы. Выкарыстоўваецца як жылы.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 БУДЫНАК № 14 ДОМ НЕВАХА ГРЫНГАЎЗА

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·1886 год у Мінску
Катэгорыя·З’явіліся ў 1886 годзе
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Мінска
Катэгорыя·Інтэрнацыянальная вуліца (Мінск)