Дзед-глыбачанін — бронзавая манументальна-дэкаратыўная скульптура ў г. Глыбокае (Беларусь), размешчана на беразе возера Кагальнае.
Скульптура ўяўляе сабой зборны вобраз жыхара горада, прататыпам з’яўляецца мясцовы педагог, гісторык, краязнаўца Аляксандр Сабалеўскі. Ініцыятарамі стварэння і спонсарамі сталі яго ўнукі — Дзмітрый і Антон. На помнік было выдаткавана каля 1,3 млрд рублёў. Аўтарам стаў мінскі скульптар Аляксандр Тухто, праца над скульптурай вялася каля года. Адкрыты помнік быў на свяце горада 3 чэрвеня 2015 года[1].
Скульптура адлюстроўвае пажылога інтэлігентнага мужчыну ў капелюшы, на каленях у якога ляжыць кніга. Мужчына вяртаецца з рыбалкі, а ў лодцы знаходзіцца злоўленая рыба. Побач з мужчынам сядзіць кот. Акрамя таго ў помніку знайшлі адлюстраванне вобразы глыбоцкіх храмаў, касцёла і царквы, якія сімвалізуюць духоўнасць, добрасуседства вернікаў розных канфесій[1].