Даніэль Давыдавіч Марошак (1933 — ?) — студэнт Мінскага медыцынскага інстытута, нонканфарміст, палітычны вязень.
Нарадзіўся ў 1933 у г. Мінск у сям’і служачых.
На чацвёртым курсе навучання ў Мінскім медыцынскім інстытуце быў арыштаваны і абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі і прапагандзе, а таксама ў стварэнні контррэвалюцыйнай арганізацыі. Арышт адбыўся 19 кастрычніка 1954 у доме бацькоў па адрасе: вул. Карла Лібкнехта, д. 30, кв. 4.
Па гэтай жа справе быў арыштаваны яшчэ адзін студэнт медінстытута Уладзімір Казлоў. Марошак і Казлоў сябравалі, размаўлялі на палітычныя тэмы, разам удзельнічалі ў спробе стварыць у інстытуце літаратурны гурток.
Па версіі бацькоў Д. Марошака, непасрэднай падставай для арышту сына быў ягоны ліст да школьнага сябра Зільберга, раней пацярпелага ад дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце. У лісце крытыкаваліся антысеміцкія кампаніі ў СССР («барацьба з бязродным касмапалітызмам», «змова ўрачоў»). Таксама ў гэтым лісце лад у СССР пры Сталіне называўся «дзяржаўным капіталізмам, дыктатурай аднаго чалавека». Ліст быў перахоплены паштовай цэнзурай. Следствам і судом гэты ліст быў расцэнены як «антысавецкі».
4 студзеня 1955 года Д. Марошак разам з У. Казловым быў асуджаныя па артыкулах 72-а і 76 Крымінальнага кодэксу БССР («антысавецкая агітацыя і прапаганда» і «антысавецкая арганізацыйная дзейнасць») на 5 гадоў пазбаўлення свабоды з паражэннем у выбарчых правах на 3 гады. Студэнты-медыкі былі прызнаны судом вінаватымі ў тым, што «они в разное время, начыная с 1951 года, среди окружающих их лиц проводили антисовецкую агитацию, они возводили клефету на мероприятия Партии и Советского Правительства по колхозному строительству и др.; клеветали на национальную политику в СССР и советскую лействительность, восхваляли порядки в капиталистических странах»[1].
Адбываць тэрмін Д. Марошак быў адпраўлены ў лагер пад Варкутой («паштовая скрыня» Ж-175/29).
Маці Д. Марошака Фаня Беньямінаўна Марошак здзяйсняла актыўныя захады па абскарджванні прысуду. У 1956 годзе ён быў апратэставаны, у выніку чаго прысуд паводле артыкула 76 КК БССР быў адменены, а справа за недаказанасцю абвінавачання спыненая. Прысуд па артыкуле 72-а быў зменены, а прызначанае пакаранне было зніжана да двух гадоў пазбаўлення свабоды кожнаму, без паражэння ў выбарчых правах. 22 жніўня 1956 года Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР было прынята рашэнне аб вызваленні Д. Марошака і У. Казлова са зняццем судзімасці. 5 верасня Д. Марошак быў вызвалены і накіраваўся ў Мінск.
У Мінску Д. Марошак скончыў навучанне ў інстытуце, атрымаў кваліфікацыю ўрача і быў размеркаваны ў г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобласці, куды прыбыў у чэрвені 1959 г. У верасні быў пераведзены ў г. Ваўчанск, дзе працаваў у тэрапеўтычным аддзяленні бальніцы № 5 у якасці ардынатара і вёў участковую работу. Далейшы лёс невядомы.
Бацькі Д. Марошака паспрабавалі дамагчыся яшчэ аднаго перагляду справы і яе спынення, для чаго накіравалі скаргу ў пракуратуру СССР. У жніўні 1960 года, пасля перагляду справы, скарга была пакінута без задавальнення. 19 жніўня 1997 года Д. Марошак і У. Казлоў былі рэабілітаваныя Прэзідыумам Вярхоўнага суда Беларусі.