wd wp Пошук:

Гуараю

Гуараю, таксама гуараё (саманазва: Gwarayú, ісп.: Guarayos) — індзейскі народ на поўначы Балівіі. Агульная колькасць (2021 г.) — 12 000 чалавек[1].

Гуараю маюць агульнае паходжанне з індзейцамі тупі і гуарані, аднак у адрозненні ад апошніх здаўна з’яўляюцца аселымі земляробамі. Паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва адыгрываюць толькі другасную ролю. Асноўныя земляробчыя культуры: маніёк, кукуруза, тытунь, бавоўнік. Сучасныя гуараю таксама трымаюць свойскую жывёлу, працуюць на лесанарыхтоўчых прадпрыемствах.

Да перыяда іспанскай каланізацыі гуараю знаходзіліся пад уплывам дзяржавы інкаў. Пасля яе ліквідацыі ўдзельнічалі ў нападах на іспанскія паселішчы ў раёне усходніх Анд, супраціўляліся хрысціянізацыі. Мяркуецца, што ў XVII ст. гуараю асімілявалі значную колькасць гуарані, што мігрыравалі з тэрыторыі сучаснага Парагвая пад ціскам бразільскіх бандэйрантаў. Гуараю таксама пакутавалі ад нападаў гандляроў рабамі і захворванняў, завезеных еўрапейцамі.

Паспяховая хрысціянізацыя гуараю адбылася толькі ў першай палове XX ст. пад уплывам нямецкіх францысканцаў. Хаця з пачаткам II Сусветнай вайны ўрад Балівіі ліквідаваў францысканскія місіі, створаная імі сацыяльная сістэма засталася актуальнай. У нашы дні існуе 78 паселішчаў гуараю, дзе створаны тэрытарыяльныя абшчыны. Фармальна большасць зямельнага фонду знаходзіцца ў прыватнай маёмасці, аднак кантралюецца абшчыннымі радамі. Існуе супольны Цэнтр арганізацыі нацыянальных паселішчаў гуараю (COPNAG).

Гуараю вядомы прыкладнымі мастацтвамі, вырабляюць на продаж музычныя інструменты, у тым ліку традыцыйныя.

Зноскі

  1. Guarayu in Bolivia

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы Балівіі
Катэгорыя·Індзейцы Паўднёвай Амерыкі