«Гомельскі лядовы палац спорту» — спорткомплекс у горадзе Гомелі, размешчаны на поўнач ад жылога раёна Мельнікаў Луг, па вуліцы Мазурава № 110, на рагу з вуліцай Кожара.
Уведзены ў эксплуатацыю 22 мая 2000 года. Асноўнае прызначэнне — правядзенне матчаў па хакею з шайбай, спаборніцтваў па фігурнаму катанню, шорт-трэку і іншых лядовых відах спорту. Прадугледжана магчымасць трансфармавання хакейнай пляцоўкі ў пляцоўку для гульнявых відаў спорту, спартыўных адзінаборстваў, тэнісу, цяжкай атлетыкі, гімнастыкі, боксу, а таксама ў сцэну для правядзення канцэртаў і іншых відовішчных мерапрыемстваў. Трыбуны размешчаны С-падобна, умяшчальнасць палаца складае 2760 гледачоў. Побач з асноўнай арэнай у кастрычніку 2003 года пабудавана крытая трэніровачная пляцоўка. У вольны ад спартыўных мерапрыемстваў час лядовая пляцоўка задзейнічана для правядзення масавых катанняў на каньках.
Лядовы палац знаходзіцца ў аператыўным кіраванні створанай у красавіку 2000 года Гомельскай гарадской ДЮСШ № 5. Арэна з’яўляецца хатняй пляцоўкай хакейнага клуба «Гомель», які выступае ў беларускай экстралізе, а таксама базай для дзіцячых хакейных секцый і вучылішчы алімпійскага рэзерву[1].
У 2004 годзе Гомельскі лядовы палац прымаў суперфінал Кантынентальнага Кубка ІІХФ[2].
Штогод у лядовым палацы спорту праходзіць міжнародны турнір «Кубак Палесся».
Уваходны партал будынка (арх. І. Боўт, С. Міцько, 2000) вырашаны рызалітам з нахіленай і адначасова ўвагнутай паверхняй люстранога шклення, якое ўтварае адзіную кампазіцыю з вітражамі, якія аб’ядноўваюць галоўны і бакавыя фасады і асацыююцца з крыламі. П-падобныя ў плане трыбуны прыпадняты на 2 м над узроўнем арэны. Запаўненне трыбун ажыццяўляецца праз двухсветлавое фае на другім паверсе, які агінае арэну і злучаны з вестыбюлем дзвюма параднымі лесвіцамі[3].
Прыбудова да будынка палаца, прызначаная для навучальна-трэніровачнага працэсу, уяўляе сабой складаны ў плане будынак, які аб’ядноўвае функцыянальныя зоны: спартыўна-трэніровачную, адміністрацыйную, бытавую і гасцініцу з рэстаранам (архітэктары В. Бяспалаў, У. Талочка, В. Яворская, А. Талочка, Н. Карманава, Л. Краўчэня)[3].