wd wp Пошук:

Гаральд Мэйберн

Гаральд Мэйберн (англ.: Harold Mabern), (20 сакавіка 1936) — амерыканскі джазавы піяніст, кампазітар і выкладчык, які працуе, галоўным чынам, у хард-бопавым музычным кірунку.

Біяграфія

Раннія гады

Нарадзіўся 20 сакавіка 1936 года ў Мэмфісе, штат Тэнэсі. Вучыўся ў Дугласкай і Манасасаўскай сярэдніх школах у Мэмфісе, разам з вядомымі пасля музыкантамі Джорджам Коўлманам, Чарльзам Лойдам, Хэнкам Кроўфардам, Букерам Літл і іншымі. Там ён пачаў спрабаваць іграць на розных інтструментах — трубе, барабанах, барытон-саксафоне.[4] Пасля сам авалодаў ігрой на фартэпіяна і трапіў пад уплыў ігры піяніста Фінеса Ньюбарна.[5] Пасля сканчэння школы ў 1954 годзе Мэйберн пераехаў у Чыкага, дзе планаваў наведваць Амерыканскую Кансерваторыю Музыкі, але праз фінансавыя праблемы мог дазволіць толькі некаторае прыватнае навучанне. Галоўным чынам працягваў вучыцца сам, пачаўшы даследаваць гарадскую джазавую сцэну, і ў выніку зарабіў у горадзе добрую рэпутацыю. Разам з сябром дзяцінства саксафаністам Фрэнкамі Строзіерам, а таксама барабаншчыкам Уолтэрам Перкінсам і іншымі музыкантамі арганізаваў квінтэт MJT+3.[6]

Кар’ера ў Нью-Ёрку

У лістападзе 1959 года Мэйберн разам з бэндам MJT+3 пераязджае ў Нью-Ёрк. Па ўспамінах музыканта, на той момант ён меў 5 тысяч долараў, якія захоўваў у сваіх чаравіках,[7] але не меўся іх траціць, і адразу вырашыў шукаць працу. Таму ў першы дзень ён з калегамі накіраваўся ў клуб Бёрдлэнд, каб пазнаёміцца з джазмэнамі, “паказаць свой твар і прарэкламаваць сябе”. Ля ўваходу ён сустрэў вядомага музыканта Кэнанбола Эдэрлі, з якім быў знаёмы яшчэ з чыкагскіх часоў. Эдэрлі спытаў Мэйберна, ці хоча ён на канцэрт (англ.: “Hey, Big Hands, you want a gig?”). Палічыўшы, што Эдэрлі прапанаваў яму месца ў сваім бэндзе, Мэйберн пагадзіўся. Але Эдэрлі проста правёў Мэйберна ў клуб, дзе на сцэне іграў Гары “Суітс” Эдысан разам з Элвінам Джонсам, Джыммі Форэстам, Джынам Рэймі і піяністам Томі Флэнэгэнам, які меў намер неўзабаве пакінуць бэнд. Калі Мэйберн забраўся на сцэну падмяніць Томі Флэнэгэна, Эдысан даў яму мінімальную інструкцыю: “«Habit», уступ на 8 тактаў, ля-бемоль”. Гаральд Мэйберн не мог зразумець, што за песня “Habit”, але пасля першага прыпеву высветліў, што яны іграюць стандарт “You’re Getting to Be a Habit With Me”. Калі яны скончылі іграць, Эдысан прапанаваў яму месца піяніста замест Флэнэгэна. Так Гаральд Мэйберн стаў запатрабаным сайдмэнам у горадзе.[6] У тым жа годзе Гаральд Мэйберн паўдзельічаў у запісах альбомаў пад лідарствам саксафаніста Джымі Форэста. Аднаму з іх — “All the Gin is Gone” — па ўспамінах Мэйберна, далі такую назву за тое, што падчас сэсіі скончыўся гэтак званы “моцны лікёр”, які джазавыя музыканты ў тыя часы пілі.[7]

На пряцягу першай паловы 1960-х гадоў Гаральд Мэйберн у якасці сайдмэна запісваўся і даваў канцэрты разам з Лаянэлам Хэмптанам, Роем Хэйнсам, Бэці Картэр, Майлзам Дэвісам, Джэй Джэй Джонсанам, Джэкі МакЛінам, Хэнкам Моўблі і іншымі. У сярэдзіне 1960-х гадоў даваў гастролі ў Еўропе ў бэндзе гітарыста Уэса Мантгомеры, што, па прызнанню Мэйберна, было вельмі не проста, бо Мантгомеры часта прапаноўваў іграць рэчы са спецыфічнай гармоніяй. У другой палове запісваў альбомы з трубачом Лі Морганам (у тым ліку “Gigolo” — улюбёны альбом Мэйберна з Морганам, бо яму выпала паіграць разам з вядомым саксафаністам Уэйнам Шортэрам[4]) да 1972 года, калі трубач трагічна загінуў.[5]

У 1968 годзе Мэйберн запісаў першы альбом пад сваім лідарствам на лэйблы Прэстыж — “A Few Miles From Memphis”, на якім адзначыўся саксафаніст з Мэмфіса Джордж Коўлман. Джазавы крытык Лары Карт адзначыў, што “калі вы шукаеце радасную музыку, пад якую можна танчыць і дзе зрэдчас трапляюцца прывабныя сола, то Мэйберн будзе вашым чалавекам”. У наступныя два гады Мэйберн запісаў яшчэ некалькі альбомаў на лэйблы Прэстыж. За выключэннем аднаго альбому ў канцы 1970-х гадоў, Мэйберн прыпыніў запісы пад сваім імем амаль на 15 год. Пры гэтым заставаўся вялікі попыт на яго як сайдмэна на альбомах іншых музыкантаў — Джорджа Бенсона, Арчы Шэпа, Білі Харпера і г.д. З сярэдзіны 1980-х гадоў значна ажывіў сваю дзейнасць, запісаўшы свае альбомы разам з кантрабасістамі Крыcчыян МакБрайд, Рон Картэр, барабаншчыкам Джэк ДэДжанэт. У першай дэкадзе XXI-га стагоддзя запісваў альбомы на японскім лэйблы Venus.[8] Апошнім часам запісваецца на лэйблы Smoke Sessions, дзе выпусціў у тым ліку альбом Afro Blue, на які запрасіў шмат гасцявых джазавых спевакоў. Да гэтага часу актыўна выступае ў нью-ёркскіх клубах.

Педагагічная дзейнасць

З 1981-га года Гаральд Мэйберн працуе выкладчыкам ва Універсітэце Уільяма Патэрсана. Вядомы сёння саксафаніст Эрык Аляксандр, з якім Мэйберн цяпер часта запісваецца, быў яго студэнтам. Мэйберн лічыць, што коледж не навучыць, як іграць джаз, а толькі ўдасканаліць навык музыканта. Таму ён раіць маладым музыкантам знайсці сабе настаўніка са старэйшага пакалення, і актыўна задаваць яму пытанні.[7] Пры гэтым Мэйберн раіць вучыцца карыстацца сваім уяўленнем і фантазіяй і думаць самастойна, не звяртаючы ўвагу на крытыкаў. Адмыслова для піяністаў Мэйберн дае параду быць цярплівым і перад тым, як стаць добрым салістам, навучыцца спярша акампанаваць. А найлепшым спосабам навучыцца акампанаваць, на погляд Мэйберна, з’яўляецца сумесная ігра са спевакамі.[4]

Дыскаграфія

Як лідар

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #134574842 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
  2. https://www.wbgo.org/post/harold-mabern-pianist-who-mastered-post-bop-blues-and-memphis-soul-dead-83#stream/0
  3. https://jazztimes.com/features/tributes-and-obituaries/harold-mabern-1936-2019/
  4. 1 2 3 Відэа інтэрв’ю з Гаральдам Мэйбернам на YouTube.
  5. 1 2 «A Few Miles From Memphis: Harold Mabern, The Early Years». Indiana Public Media.
  6. 1 2 «Harold Mabern: The Accompanist». Jazz Times.
  7. 1 2 3 «Generations Connect: Camille Thurman Interviews Jazz Veteran Harold Mabern». Jazz at Lincoln Center Blog.
  8. «Harold Mabern. Biography by Matt Collar». AllMusic.
Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Памерлі 17 верасня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1936 годзе
Катэгорыя·Кампазітары ЗША
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 2019 годзе
Катэгорыя·Джазмены ЗША
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Піяністы ЗША
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мемфісе
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 сакавіка