Віцебскі вакзал — пасажырскі тэрмінал станцыі Санкт-Пецярбург-Віцебскі, адзін з 5-ці дзеючых чыгуначных вакзалаў Санкт-Пецярбурга. Размешчаны на Загарадным праспекце, 52. Папярэднія назвы Царскасельскі вакзал, Дзецкасельскі вакзал
Віцебскі вакзал — самы стары вакзал Расіі. Першы аднапавярховы драўляны будынак быў пабудаваны для першай у Расіі чыгункі паміж Санкт-Пецярбургам і Царскім сялом у 1837 годзе. У 1849—1852 гадах па праекце архітэктара К. А. Тона пабудаваны каменны будынак, які праіснаваў да пачатку XX стагоддзя. Сучасны будынак вакзала пабудаваны ў 1904 годзе ў стылі «мадэрн» (архітэктары З. А. Бржазоўскі, С. І. Мінаш). Будынак мае арыгінальнае купальнае завершанне, гадзіннікавую вежу, пероны знаходзяцца на ўзроўні другога паверху, дэбаркадар вакзалу мае арачнае перакрыцце (аўтар — інжынер У. З. Герсан). Адна з залаў упрыгожана карцінамі, прысвечанымі гісторыі Царскасельскай чыгункі (мастакі І. С. Самокіш і А. П. Самокіш-Судкоўская).
Паблізу, на беразе Увядзенскага канала быў пабудаваны Царскі павільён, куды прыбывалі цягнікі членаў імператарскай сям’і. 30 кастрычніка 2007 года ў гонар 170-годдзя расійскіх чыгунак у Светлавой зале вакзалу адчынены помнік Ф. А. Герстнеру — аўстрыйскаму інжынеру, будаўніку першай чыгункі ў Расіі.
Побач з вакзалам у 1955 пабудаваны наземны вестыбюль станцыі метро «Пушкінская». У 1987 у адмысловым шкляным павільёне ўсталяваны макет цягніка з паравозам «Спрытны», які здзейсніў першы ў Расіі рэйс з Пецярбурга ў Царскае Сяло ў 1837. У 2001—2003 гадах праведзеная рэканструкцыя вакзалу, падчас якой адноўленыя купал, афарбоўка будынка, арыгінальныя вокны фасада, ляпны арнамент, парадная мармуровая лесвіца, «Імператарскае кафэ» і іншыя згубленыя элементы першапачатковага праекту. Таксама была ўсталяваная аўтаматызаваная сістэма кантролю аплаты праезду пасажырамі прыгарадных цягнікоў.
Далёкія цягнікі з Віцебскага вакзала накіроўваюцца ў Беларусь, Смаленск, цэнтральную і заходнюю Украіну, Адэсу, Херсон, Вялікія Лукі, Малдову, Заходнюю Еўропу, Рыгу, Вільнюс і інш.
Прыгарадныя цягнікі ідуць да Паўлаўска, Вырыцы, Вялікага Ноўгарада, Гдова, Гатчыны-Таварнай, Орадзежа, Пасёлка.