Вісентэ Лопес Партанья (ісп.: Vicente López Portaña; 19 верасня 1772, Валенсія — 22 ліпеня 1850, Мадрыд) — іспанскі мастак.
Вісентэ Лопес Партанья пачынае вывучаць жывапіс ва ўзросце 13 гадоў, у сваім родным горадзе, пад кіраўніцтвам манаха-францысканца Антоніа дэ Вілануэва. Затым вучыўся ў валенсійскай Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў Сан-Карлас. У 17 гадоў ён выйграе прыз па маляванні ў мадрыдскай Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда.
Правучыўшыся тры гады ў Мадрыдзе, Вісентэ ў 1794 вяртаецца ў Валенсію, дзе займае пасаду намесніка дырэктара Акадэміі Сан-Карлас. У 1795 годзе мастак ажаніўся з Марыяй Пікер, якая нарадзіла яму двух сыноў: Бернарда і Луіса, якія пазней сталі мастакамі. У 1801 годзе Партанья стаў прэзідэнтам валенсійскай Акадэміі Сан-Карлас.
Вісентэ Лопес Партанья быў прыдворным мастаком у каралёў Іспаніі Карла IV (з 1802), Фердынанда VII (з 1814) і каралевы Ізабелы II; ён быў таксама настаўнікам малявання другой, Марыі Ізабелы Партугальскай, і трэцяй, Марыі Ёзэфы Саксонскай, жонак караля Фердынанда VII.
У 1817 годзе Партанья стаў прэзідэнтам мадрыдскай Акадэміі прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда.
Партанья пісаў свае палотны на разнастайную тэматыку — яны рэлігійнага, алегарычнага гістарычнага і міфалагічнага зместу, аднак сапраўднага мастацтва дасягнуў ён у партрэтным жывапісе.