У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ласкавы. Віктар Мікалаевіч Ласкавы (7 лютага 1936, Гомель) — беларускі архітэктар.
Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут у 1959 годзе. Працаваў ва Упраўленні па будаўніцтве і архітэктуры Омскага аблвыканкама, з 1963 года — галоўны архітэктар праектаў, аддзела ў Белдзіпрагандлі, Аўтарампраекце, з 1982 года — галоўны архітэктар Спецмайстэрні СА БССР.
Член Саюза архітэктараў СССР з 1966 года. Пражывае ў Мінску.
Асноўныя працы (у аўтарскім калектыве): будынак Лендзіпрамясамалпрама ў Мінску (1974), рэстаран «Прыпяць» у Мазыры (1972), экспазіцыі БССР на міжнародных кірмашах-выстаўках у Заграбе, Дзюсельдорфе, Лейпцыгу, Плоўдзіве (1967— 74).
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971).
У шлюбе з архітэктарам Галінай Ласкавай.