wd wp Пошук:

Венскі Дыяскарыд

Ве́нскі Дыяскарыд (лац.: Codex Vindobonensis ці лац.: Codex Aniciae Julianae) — Ілюмінаваны рукапіс сачынення Дыяскарыда «Аб лекавых рэчывах» (лац.: De materia medica), створаны ў пачатку VI стагоддзя ў Канстанцінопалі. Захоўваецца ў Вене ў Аўстрыйскай нацыянальнай бібліятэцы (каталожнае абазначэнне Codex medicus Graecus 1). У 1997 годзе ЮНЕСКА ўнесла Венскі Дыяскарыд у міжнародны рэестр «Памяць свету»[1].

Рукапіс быў створаны па замове Анікіі Юліяны не пазней 512 года[2]. Па іншай версіі, рукапіс паднеслі ёй як падарунак у падзяку за заснаванне царквы[3]. Гэтая версія знаходзіць сваё пацверджанне ў надпісе, які суправаджае адну з мініяцюр, у якой змяшчаецца пахвала Анікіі Юліяне за пабудову ёю ў 512-513 гадах царквы ў раёне Канстанцінопаля Ганарата[4]. У 1560-х гадах Дыяскарыд быў знойдзены ў Стамбуле і набыты паслом Свяшчэннай Рымскай імперыі дэ Бусбекам для імператарскай бібліятэкі.

Рукапіс напісаны на пергаменце, і ў цяперашнім выглядзе ўключае 491 ліст фарматам 37 × 30 см. Яго ўпрыгожваюць 435 старанна выкананых малюнкаў раслін (383 мініяцюры на поўным лісце) і жывёл, а таксама пяць фігурных мініяцюр у эліністычным духу, заключаных у арнаментальныя рамкі. На чатырох прадстаўлены чатырнаццаць знакамітых рымскіх і грэчаскіх лекараў, уключаючы аўтара рукапісу лекара Дыяскарыда (ён намаляваны ў момант адкрыцця магічных уласцівасцяў кораня мандрагоры, які яму працягвае жаночая фігура, што ўвасабляе адкрыццё). На пятай мініяцюры змешчаны партрэт Анікіі Юліяніі у асяроддзі алегарычных фігур Вялікадушнасці і Мудрасці. Адносна апошняй мініяцюры акадэмік В. М. Лазараў заўважае, што яна адлюстроўвае вытанчаныя густы візантыйскай арыстакратыі:

Фарбы, якія ўтвараюць найтанчэйшую каларыстычную гаму з далікатных ружовых, ліловых, сініх, зялёных, фіялетавых і залатых тонаў, накладзеныя з імпрэсіяністычнай лёгкасцю, якая дасягае асаблівай лёгкасці ў фігурках эскізна выкананых пуці.

На яго думку, мініяцюра з’яўляецца арыгінальнай, хоць магчыма і створанай па ўзоры познеантычнай кніжнай мініяцюры III—V стагоддзяў.

Наадварот, мастацтвазнавец Галіна Калпакова піша, што Венскі Дыяскарыд гэта «„ходкая“ антычнасць, арыентаваная на звычайны сярэдні ўзровень мастацкага ўспрымання»[5]. Адносна мініяцюры з выявай Анікіі Юліяны яна мяркуе, што ўзорам для яе быў нейкі твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (напрыклад, чара або талерка). Пры гэтым у малюнку парушаная ізакефалія (цэнтральная фігура вышэй бакавых) і франтальнасць (бакавыя фігуры звернутыя да цэнтральнай як створкі дзверцаў), хоць «твары напісаны вельмі жыва і матэрыяльна, сакавітасць і жывое адчуванне плоці падкрэслены пяшчотнай пералівістасцю каларыту»

.

Зноскі

  1. Vienna Dioscurides (англ.) . UNESCO. Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2012. Праверана 8 студзеня 2010.
  2. Лазарев В. Н. История византийской живописи.
  3. Медицина в искусстве // Фармацевтический вестник : газета. — 10 лютага 2009. — № 5 (537). — С. 25.
  4. Захарова А. В., Орецкая И. А. Византийская книжная миниатюра.
  5. Колпакова Г. С. Искусство Византии. Ранний и средний периоды. — М.: Азбука, 2010. — С. 218. — (Новая история искусства). — ISBN 978-5-9985-0447-1.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Аб’екты рэестра Памяць свету
Катэгорыя·Ілюмінаваныя рукапісы паводле алфавіта
Катэгорыя·Гісторыя медыцыны