wd wp Пошук:

Васілька Валадаравіч

Васілька Валадаравіч (паміж 1135—1150 — 1222) — князь лагожскі (пасля 1180—1186), князь менскі (1184/1186—1216), князь полацкі (1216—1222). Сын Валадара Глебавіча і Рыксы, малодшы брат Уладзіміра Валадаравіча.

Упершыню згадваецца ў 1186 годзе, калі разам з кн. смаленскім Давыдам, кн. наўгародскім Мсціславам і кн. друцкім Усяславам ўдзельнічаў у паходзе на Полацк[1]. Прычыны паходу невядомы, але палачане вырашалі дамагацца мірнага развязання канфлікту, сустрэлі князёў на мяжы і далі багатыя дары — князі згадзіліся на мір. Магчыма, як вынік — васількаў брат Уладзімір стаў полацкім князем, а Васілька заняў сталец у Менску[2]. Паводле меркавання Пятнова, паход быў выкліканы канфліктам палачан з Уладзімірам, які ў 1186 г. ўжо сядзеў на полацкім стальцы, вынікам паходу было замацаванне стальца за Уладзімірам[3].

Па гэтым Васілька доўгі час не згадваецца крыніцамі, верагодна, ён выступаў супольна з братам. Так 12.3.1196 г. Васілька разам з чарнігаўцамі і Барысам Друцкім разграміў смаленскае войска[4], пра гэта паведамляе Сіманаўскі летапіс. Праўда, паводле Карамзіна, Троіцкі летапіс называў Васільку полацкім князем, але вядома, што полацкім князем тымчасова быў Уладзімір[5]. Верагодна, і далей Васілька вёў ўзгодненую з братам палітыку, удзельнічаў у паходах, у т.л. супраць немцаў у Ніжнім Падзвінні. У 1216 г. Уладзімір задумаў вялікі паход на Рыгу, сабраў вялікае войска з удзелам смалянаў, віцяблянаў, дручанаў, верагодна, былі і войскі Васількі, які, магчыма, прывёў з сабою і літву.

Уладзімір нечакана памёр, паход на Рыгу не адбыўся. Паводле Я. Длугаша, тым часам смаленскі кн. Мсціслаў Давыдавіч разбіў літоўцаў, якія рабавалі ваколіцы Полацка[6]. У 1217/1218 годзе згадваецца полацкі князь Васілька, асоба якога дыскусійная, магчыма, гэта Васілька Валадаравіч. Магчыма, менавіта паміж яго войскамі, дзе маглі быць і літоўцы, і смаленцамі адбылася вышэйзгаданая сутычка з-за ўлады у Полацку. У 1217/1218 годзе князь полацкі Васілька разам з Мсціславам Удатным і Уладзімірам Рурыкавічам удзельнічаў у паходзе на Галіч[7] і, калі верыць Стрыйкоўскаму, у гэтым войску была літва, можа, прыведзеныя Васількам. Гэты Васілька памёр, верагодна, да 1222 года, пасля яго смерці смаленскія князі захапілі Полацк, сталец заняў прадстаўнік іх дынастыі.

Зноскі

  1. Васильки // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 104. — 737 с.
  2. Руковишников…
  3. Пятнов А. П. Полоцкая земля… С. 137.
  4. Пятнов А. П. Полоцкая земля… С. 142.
  5. Володихин Д. Еще раз о… С. 174.
  6. Długossi J. Historiae Poloniae. — Cracoviae, 1873. — P. 181.
  7. Татищев В. История… С. 207.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XIII стагоддзя
Катэгорыя·Князі менскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XII стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся ў XII стагоддзі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Князі полацкія
Катэгорыя·Князі лагожскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1222 годзе