wd wp Пошук:

Варлам Ціханавіч Шаламаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шаламаў. Варлам Ціханавіч Шаламаў (5 (18) чэрвеня 190717 студзеня 1982) — рускі празаік і паэт савецкага часу. Стваральнік аднаго з літаратурных цыклаў аб савецкіх лагерах.

Біяграфія

Сям’я, дзяцінства, юнацтва

Дом, дзе нарадзіўся Шаламаў

Варлам Шаламаў нарадзіўся 5 чэрвеня (18 чэрвеня) 1907 у Волагдзе ў сям’і святара Ціхана Мікалаевіча Шаламава. Маці Варлама Шаламава, Надзея Аляксандраўна, была хатняй гаспадыняй. У 1914 годзе Варлам паступіў у гімназію, але завяршаў сярэднюю адукацыю ўжо пасля рэвалюцыі. У 1924 годзе, пасля заканчэння валагодскай школы 2-й ступені, прыехаў у Маскву, працаваў два гады дубільшчыкам на гарбарным заводзе ў Кунцаве. З 1926 па 1928 г. вучыўся на факультэце савецкага права МДУ, затым быў выключаны «за сокрытие социального происхождения» (паказаў, што бацька — інвалід, не ўказаўшы, што ён святар). У сваёй аўтабіяграфічнай аповесці аб дзяцінстве і юнацтве «Четвёртая Вологда» Шаламаў распавёў, як складваліся ягоныя перакананні, як умацоўвалася ягоная прага справядлівасці і рашучасць змагацца за яе. Юнацкім яго ідэалам становяцца нарадавольцы — за ахвярнасць іх подзвігу, гераізм супраціву ўсёй моцы самадзяржаўя. Ужо ў дзяцінстве відавочная мастацкая адоранасць хлопчыка — ён жарсна чытае і «прайграе» для сябе ўсе кнігі — ад Дзюма да Канта.

Рэпрэсіі

19 лютага 1929 года Шаламаў быў арыштаваны за ўдзел у падпольнай трацкісцкай групе і за распаўсюджванне дадатка да «Завещания Ленина». У пазасудовым парадку як «социально-опасный элемент» быў асуджаны на пяць гадоў лагераў. Адбываў пакаранне ў Вішарскім лагеры (Паўночны Урал). У 1932 годзе Шаламаў вярнуўся ў Маскву, працаваў у ведамасных часопісах, друкаваў артыкулы, нарысы, фельетоны. У студзені 1937 года Шаламава зноў арыштавалі за «контрреволюционную троцкистскую деятельность». Ён быў асуджаны на пяць гадоў лагераў і правёў гэты тэрмін на Калыме (СВИТЛ). Шаламаў прайшоў тайговыя «камандзіроўкі», працаваў на прыісках «Партизан», «Чёрное озеро», Аркагала, Джалгала, колькі разоў апынаўся на бальнічным ложку праз цяжкія ўмовы Калымы. Як пісаў Шаламаў пасля: «С первой тюремной минуты мне было ясно, что никаких ошибок в арестах нет, что идет планомерное истребление целой „социальной“ группы — всех, кто запомнил из русской истории последних лет не то, что в ней следовало запомнить…» 22 чэрвеня 1943 года яго паўторна асудзілі на дзесяць гадоў за антысавецкую агітацыю, якая заключалася — па словах самога пісьменніка — у тым, што ён назваў І. А. Буніна рускім класікам: «…я был осуждён в войну за заявление, что Бунин — русский классик».

У 1951 годзе Шаламаў быў вызвалены з лагера, але напачатку не мог вярнуцца ў Маскву. З 1946 года, скончыўшы васьмімесячныя фельчарскія курсы, стаў працаваць у Цэнтральнай бальніцы для зняволеных на левым беразе Калымы ў пасёлку Дзебін і на лясной «камандзіроўцы» лесарубаў да 1953 года. Прызначэннем на пасаду фельчара абавязаны ўрачу А. М. Панцюхову, які асабіста рэкамендаваў Шаламава на курсы фельчараў. Затым жыў у Калінінскай вобласці, працаваў у Рашэтнікаве. Вынікамі рэпрэсій сталі распад сям’і і падарванае здароўе. У 1956 годзе пасля рэабілітацыі вярнуўся ў Маскву.

Творчасць, удзел у культурным жыцці

У 1932 годзе Шаламаў вярнуўся ў Маскву пасля першага тэрміну зняволення і пачаў друкавацца ў маскоўскіх выданнях як журналіст. Таксама ён апублікаваў некалькі апавяданняў. Адна з першых буйных публікацый — апавяданне «Три смерти доктора Аустино» — у часопісе «Октябрь» (1936).

У 1949 годзе на ключы Дусканья ён упершыню на Калыме, у зняволенні, пачаў запісваць свае вершы.

Пасля вызвалення ў 1951 годзе Шаламаў вярнуўся да літаратурнай дзейнасці. Аднак з Калымы ён з’ехаць не мог. Толькі ў лістападзе 1953 года быў атрыманы дазвол на выезд. Шаламаў прыязджае ў Маскву на два дні, сустракаецца з Пастарнакам, з жонкай і дачкой. Аднак жыць у буйных гарадах яму было нельга і ён з’ехаў у Калінінскую вобласць (пасёлак Туркмен, цяпер Клінскі раён Маскоўскай вобласці), дзе працаваў майстрам на торфараспрацоўках, агентам па забеспячэнні. І ўвесь гэты час ён апантана пісаў адзін з галоўных сваіх твораў — «Колымские рассказы». Пісьменнік ствараў «Колымские рассказы» з 1954 па 1973 год. Асобным выданнем яны выйшлі ў Лондане ў 1978 годзе. У СССР у асноўным апублікаваныя ў 1988—1990 гадах. Сам пісьменнік дзяліў свае апавяданні на шэсць цыклаў: «Колымские рассказы», «Левый берег», «Артист лопаты», «Очерки преступного мира», «Воскрешение лиственницы» і «Перчатка, или КР-2». Цалкам яны сабраны ў двухтомнік «Колымские рассказы» ў 1992 годзе ў серыі «Крестный путь России» выдавецтва «Советская Россия». Ён сустракаўся з Б. Л. Пастарнакам, які высока адгукаўся на вершы Шаламава. Пазней, пасля таго, як урад прымусіў Пастарнака адмовіцца прыняць Нобелеўскую прэмію, іхнія шляхі разышліся. Завяршыў зборнік вершаў «Колымские тетради» (1937—1956).

З 1956 года Шаламаў жыў у Маскве, спачатку на Гогалеўскім бульвары, з канца 1950-х — у адным з пісьменніцкіх драўляных дамоў-катэджаў на Харашоўскай шашы (д. 10), з 1972 года — на Васільеўскай вуліцы (д. 2, корпус 6). Друкаваўся ў часопісах «Юность», «Знамя», «Москва», меў добрыя зносіны з Н. Я. Мандэльштам, В. У. Івінскай, А. І. Салжаніцыным (зносіны з якім неўзабаве перайшлі ў форму палемікі); частым госцем быў у доме вядомага філолага В. М. Клюевай (вуліца Арбат, 35). І ў прозе, і ў вершах Шаламава (зборнік «Огниво», 1961, «Шелест листьев», 1964, «Дорога и судьба», 1967, ды інш.), якія выразілі цяжкі досвед сталінскіх лагераў, гучыць і тэма Масквы (зборнік вершаў «Московские облака», 1972). У 1960-х пазнаёміўся з расійскім паэтам А. А. Галічам, у 1968 годзе — з беларускім яўрэйскім паэтам Хаімам Мальцінскім, каля ста вершаў якога пераклаў з ідыша на рускую мову[5].

У 1973 годзе Шаламаў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. З 1973 і да 1979, калі Шаламаў пераехаў жыць у Дом інвалідаў і састарэлых, ён вёў рабочыя сшыткі, разбор ды публікацыю якіх працягвала ажно да сваёй смерці ў 2011 годзе І. П. Сіроцінская, якой В. Ц. Шаламаў перадаў правы на ўсе свае рукапісы і сачыненні.

Ліст у «Литературную газету»

23 лютага 1972 года «Літаратурная газета» апублікавала ліст Шаламава, у якім, у прыватнасці, гаварылася, што «проблематика Колымских рассказов давно снята жизнью». Асноўны змест ліста — пратэст супраць публікацыі ягоных апавяданняў эмігранцкімі часопісамі «Посев» і «Новый журнал». Гэты ліст быў неадназначна ўспрыняты грамадскасцю. Многія лічылі, што ён напісаны пад ціскам КДБ, і Шаламаў страціў сяброў сярод былых лагернікаў. Удзельнік дысідэнцкага руху Пётр Якір выказаў у 24-м выпуску «Хроники текущих событий» «жалость в связи с обстоятельствами», што змусілі Шаламава падпісаць гэты ліст. Сучасныя даследчыкі адзначаюць, аднак, што з’яўленне гэтага ліста абумоўлена балючым працэсам разыходжання Шаламава з літаратурнымі коламі і пачуццём бяссілля праз немагчымасць зрабіць сваю галоўную працу даступнай шырокаму колу чытачоў на Радзіме[6][7].

Сям’я

Варлам Шаламаў быў двойчы жанаты. Упершыню — на Галіне Ігнацьеўне Гудзь (1909—1956), якая ў 1935 годзе нарадзіла яму дачку Алену (Шаламава Алена Варламаўна, у замужжы — Янушэўская, пам. у 1990). Другім шлюбам (1956—1965) быў жанаты з Вольгай Сяргееўнай Няклюдавай (1909—1989), гэтаксама пісьменніцай, сын якой ад першага шлюбу (Сяргей Юр’евіч Няклюдаў) — вядомы рускі фалькларыст, доктар філалагічных навук.

Памяць

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118750836 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
  2. The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  3. Varlam Shalamov // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Varlam Shalamov // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. https://belisrael.info/?p=11770
  6. https://shalamov.ru/memory/37/1.html#1972
  7. https://shalamov.ru/research/339/

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пахаваныя на Кунцаўскіх могілках
Катэгорыя·Памерлі ў 1982 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 18 чэрвеня
Катэгорыя·Памерлі ў Маскве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1907 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі МДУ
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 17 студзеня
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Волагдзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных