wd wp Пошук:

Варатынь

Вараты́нь[1] (трансліт.: Varatyń, руск.: Воротынь) — аграгарадок у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр Варатынскага сельсавета.

Геаграфія

Аграгарадок Варатынь знаходзіцца за 36 км на паўднёвы ўсход ад Бабруйска, за 146 км ад Магілёва, за 2 км ад прыпынку Амельня на чыгуначнай лініі Бабруйск-Жлобін. На захад ад аграгарадка працякае рака Ала, левы прыток Бярэзіны (басейн Дняпра). Ландшафт мясцовасці нізінны (азёрна-балотны) і хвалісты з шыракаліста-яловымі і хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Алаўскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18-18,5 °C. Прыпяцкі артэзіянскі басейн.

Былыя населеныя пункты на тэрыторыі Варатынскага сельсавета

Інфраструктура

Філіял «Варатынь» РУП «БЗТДіА»

Утвораны на базе СВК «Калгас імя Пушкіна». У снежні 2004 года на правах адасобленага структурнага падраздзялення далучыўся да унітарнага прадпрыемства «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў». Зямельная плошча гаспадаркі складае 4627 га, у тым ліку 2662 га ворыва. Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні зерневых і зернебабовых культур, вытворчасці і рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі. Пагалоўе БРС ўтрымліваецца на пяці фермах.

На тэрыторыі філіяла знаходзяцца 10 населеных пунктаў, цэнтральная сядзіба ў аграгарадку Варатынь. Сярэднеспісачная колькасць працуючых каля 240 чалавек. 

Сельскі Дом культуры

У аграгарадку дзейнічае сельскі Дом культуры. Асноўныя напрамкі дзейнасці — арганізацыя культурнага абслугоўвання жыхароў, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця самадзейнай мастацкай творчасці, адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Пры СДК працуе 14 клубных гурткоў, у тым ліку народны хор, гурток сольных спеваў,  аматарскае  аб’яднанне традыцыйнай беларускай культуры «Скарбніца»  і іншыя.

Варатынскі народны хор створаны ў 1958 годзе як хор даярак. Першы кіраўнік хору Вольга Іванаўна Дашкоўская. Пад яе кіраўніцтвам хор узняўся да прафесійнага ўзроўню. У 1963 годзе хор атрымаў званне народнага. За вялікія дасягненні ў галіне культуры В. І. Дашкоўскай прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры БССР». З 1971 года мастацкім кіраўніком хору з’яўляецца Ф. Ц. Глушакоў. Народны хор удзельнічаў у многіх усесаюзных, рэспубліканскіх, абласных фестывалях і конкурсах. Выступаў у Зорным гарадку, Крамлёўскім Палацы з’ездаў, на ВДНГ СССР. Узнагароджаны шматлікімі граматамі, дыпломамі, памятнымі сувенірамі. 

Гісторыя

У 1560 годзе паводле Уставы на валокі сяло Варатынь разам з сялом Аўсімавічы падзелены на 10 падаткаабкладаемых службаў. Па інвентары 1639 года зямельныя ўгоддзі сяла Варатынь падзелены на 13 валок зямлі (1 валока — каля 21 га зямлі). Якасць глебы вызначана як добрая. З кожнай валокі зямлі на карысць Бабруйскага каралеўскага замку трэба штогод аддаць 2 капы грошай, па 1 бочцы віленскай меры жыта і аўса, 1 гусь, 2 курэй, па 10 вазоў сена і дроў.  Сяло таксама павінна было аддаць 6 камянёў мёду (1 камень каля 18 кг).  З кожнай валокі зямлі трэба было адпрацаваць на карысць замку 2 дні ў тыдзень, а таксама раз на год  даць падводу на 60 міль. У 1639 годзе ў сяле з 13 валок зямлі 8 пустых. Па адной валоцы зямлі трымаюць Апанас і Несцер Ісаевічы, Яўхім Клішэвіч, Андрос Пястуноў і Астапка Міцковіч, дзве валокі ў Астапа Міхалевіча з сынамі. Жыхарам Варатыні лоўля рыбы дазвалялася свабодна па абодвух берагах ракі Ала на участку ад урочышча Баляцін да рэчкі Любіцы. З 1566 года сяло Варатынь у складзе Бабруйскай воласці (Троцкая палова) Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага Рэчы Паспалітай, уласнасць скарбу. У 2-й палове XVIII ст. у Варатыні дзейнічае карчма. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. Вёска пазначана на выдадзенай у 1799 годзе ў Лондане геаграфічнай «Карце Каралеўства Польскага, Вялікага княства Літоўскага, Самагіціі, Курляндыі і Каралеўства Прусіі». У 1844 годзе сяло ў складзе маёнтка Варатынь, уласнасць памешчыка А. П. Шахоўскага, 23 гаспадаркі, каля 200 жыхароў. У 1887 годзе адкрыта школа граматы. Паводле перапісу 1897 года вёска ў складзе Туркоўскай воласці (валасное праўленне да 1924 года знаходзіцца ў Варатыні) Бабруйскага павета Мінскай губерні, дзейнічаюць млын, крупадзёрка, хлебазапасны магазін, заезны двор. У 1902 годзе школа граматы ператворана ў земскую, для якой у 1904 годзе пабудавана новае памяшканне. У 1923 годзе у вясковай працоўнай школе 1-й ступені займаліся 63, у 1925 годзе — 107 вучняў. У 1925 годзе дзейнічаюць 3 млыны, 2 кузні, крупадзёрка. Працуе хата-чытальня. У пачатку 1925 года 10 сялянскіх гаспадарак аб’ядналіся ў калгас, які апрацоўваў 120 дзесяцін зямлі. Вядучай галіной гаспадаркі была свінагадоўля. У чэрвені 1931 года з 40 сялянскіх гаспадарак арганізаваны калгас «Чырвоная Варатынь № 1». З 20.08.1924 года цэнтр Варатынскага сельсавета Бабруйскага 1-га, з 04.08.1927 года Бабруйскага раёна Бабруйскай (да 26.07.1930 г.) акругі, з 20.02.1938 года ў Магілёўскай, з 20.09.1944 года Бабруйскай, з 08.01.1954 года Магілёўскай абласцях. У час Вялікай Айчынай вайны ў вёсцы дзейнічала антыфашысцкая падпольная група, якой кіраваў В. Т. Пракопчык. У 1986 годзе ў вёсцы цэнтральная сядзіба калгаса «імя А. С. Пушкіна», дзейнічаюць майстэрня па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, лесапільня, сярэдняя школа, дзіцячы сад-яслі, аддзяленні сувязі і «Беларусбанка», Дом культуры, урачэбная амбулаторыя, ФАП, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, магазін, бібліятэка, аўтаматычная тэлефонная станцыя.

Гістарычныя помнікі

Брацкая магіла свецкіх воінаў і партызан

Магіла знаходзіцца на могілках. Пахаваны 11 воінаў і партызан, якія загінулі ў 1943-44 гадах у баях з нямецкімі войскамі. Сярод пахаваных — Герой Савецкага Саюза Іван Якаўлевіч Арол.

І. Я. Арол нарадзіўся 26.01.1914 года ў вёсцы Клешчынцы Чарнабаеўскага раёна Чаркаскай вобласці ў сялянскай сям’і. У Чырвонай Арміі з 1936 года. З лютага 1943 года на Цэнтральным, Беларускім і 1-ым Беларускім франтах, камандзір батарэі 40-га стралковага палка 102-ой стралковай дывізіі. 24.06.1944 года батарэя пад яго камандаваннем фарсіравала раку Друць, захапіла плацдарм на яе правым беразе, замацавалася на ім і агнём садзейнічала наступленню пяхоты палка. 27 чэрвеня батарэя вызваліла ад немцаў вёску Варатынь, фарсіравала раку Ала, на правым беразе захапіла плацдарм і замацавалася на ім. У гэтым баі І. Я. Арол быў смяротна паранены. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 25.09.1944 года.

У 1970 годзе на брацкай магіле пастаўлены абеліск.

Магіла Сяргея Фядосавіча Парахневіча

Магіла знаходзіцца на могілках. Адзін з арганізатараў мясцовага калгаса С. Ф. Парахневіч нарадзіўся ў вёсцы Варатынь у 1907 годзе ў сялянскай сям’і. У 1930 годзе дэмабілізаваўся з Чырвонай Арміі, прыехаў на радзіму і быў выбраны  сакратаром Варатынскай камсамольскай арганізацыі. Працаваў старшынёй рэвізійнай камісіі калгаса. Забіты 08.11.1931 года. У 1959 годзе на магіле пастаўлена стэла.

Помнік землякам

У цэнтры вёсцы. На ўшанаванне памяці 227 жыхароў Варатынскага сельсавета, якія загінулі падчас вайны 1941-45 гадоў. У 1971 годзе пастаўлены помнік: скульптурныя выявы мужчыны і жанчыны ў жалобе і стэла з імёнамі загінулых.

Ахвяры палітычных рэпрэсій

Дынаміка развіцця

Паказчык 1621 1738 1765 1790 1857 1885 1897 1907 1917 1997 2007 2014
колькасць двароў, адзінак 7 10 17 29 няма звестак 30 105 103 152 219 209 194
колькасць жыхароў, чалавек няма звестак няма звестак няма звестак няма звестак 229 290 756 920 1006 658 571 558

Планіроўка

Планіроўка квартальная, аснову якой складае прамалінейная, мерыдыянальнай арыентацыі вуліца. Жылая забудова пераважна драўляная, у цэнтральнай частцы і на паўночнай ускраіне мураваная 1-2-павярховая.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы пра населеныя пункты без катэгорыі на Вікісховішчы
Катэгорыя·Варатынскі сельсавет
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты Бабруйскага раёна
Катэгорыя·Аграгарадкі Магілёўскай вобласці