Валатаўское — штучнае возера ў Цэнтральным раёне Гомеля[1][2]. Самае вялікае возера ў так званым Валатаўскім каскадзе азёр[3]. Плошча — прыблізна 0,3 км²[4]. Знаходзіцца між жылымі масівамі Прудок, Валатава, Клёнкаўскі, Старая Валатава, Мельнікаў Луг і возерам Бурае Балота[1]. Узнікла ў 1970-я гг. ў выніку асушэння вялікага балота (прасціралася між Прудком і Старой Валатавой) і кар’ерных работ па здабачы пяску для стварэння гідранамыўнай падушкі пад будаўніцтва будучых навакольных мікрараёнаў[5]. Не блытаць з гістарычным Валатаўскім (Волатаўскім) возерам, вядомым сёння як пратока Валатава.
Станам на 2022 г. часткова ўпарадкаванае. На ўсходнім беразе размяшчаецца праваслаўны Спаса-Праабражэнскі храм[1][6]. На паўднёва-ўсходнім — зона адпачынку з пляжам[7] і спартыўнымі пляцоўкамі[8]. Паўднёвы бераг аблюбаваны жыхарамі прылегалага мікрараёна для ладжання пікнікоў. Возера з’яўляецца адным з улюбёных месцаў для аматараў рыбнай лоўлі (у тым ліку, зімовай парой). Перыядычна выкарыстоўваецца для спаборніцтваў па водна-маторным спорце[3][9].