wd wp Пошук:

Валасянка садовая

Валасянка садовая, леска садовая (Sylvia borin) — пеўчая птушка сямейства валасянкавых.

Апісанне

Даўжыня цела 14 см, размах крылаў 20-24 см. Палавы дымарфізм адсутнічае: верх аліўкава-папяліста-карычневы, ніз белаваты, дзюба кароткая, ногі цёмна-шэрыя. Верх у маладых больш карычневы, ніз жаўтаваты.

Спеў — глыбокія флейтавыя гукі без уступнага шчабятання.

Пашырэнне

Арэал: Еўропа, акрамя крайняй поўначы і поўдня, Каўказ, Сібір да р. Енісей.

Насяляе ўскрайкі лісцевых або мяшаных лясоў з добра развітым падростам і прыземнай расліннасцю, парослыя кустамі схілы пагоркаў і зараснікі ўздоўж вадацёкаў, маладняк лісцевых дрэў (у Вялікабрытаніі таксама плантацыі хваёвых дрэў, лазняку і рададэндранаў); акрамя гэтага, вясковыя паркі, групы дрэў сярод палёў, сады. У Швейцарыі даходзіць да 2300 м.

Пералётны від. Па-за арэалам адзначаеццана Шпіцбергене, Мядзведжым в-ве, Ісландыі і Мальце. Месца зімовак: Афрыка на поўдзень ад Сахары.

Асаблівасці біялогіі

Гняздо робіць на нізкім дрэве або ў кусце, у ажынніку ці малінніку сярод травяністых раслін (напр., крапівы), звычайна ў месцы з сярэднім сонечным асвятленнем, на вышыні часцей за ўсё 30-80 см ад зямлі. Няшчыльнае, не прымацаванае да падтрымліваючых яго галінак гняздо пад заслонай зверху галінак і травяністых раслін. Знешняя частка яго са сцёблаў травы, па краях заламаных пад вострым вуглом, лісця, карэньчыкаў і тонкіх галінак да 30 см даўжынёй, а таксама невялікай колькасці расліннага пуху і павуціны, месцамі ўплятаецца трохі моху і тонкія галінкі сасны, якія тырчаць за гняздо. Высцілка з тонкіх і сухіх травінак, карэньчыкаў (часам з прымессю валосся).

Яйкі (4-5, часам 3-7), пераважна крыху падоўжаныя, з вострым вузейшым канцом, белыя з карычняватым або крэмава-белым, пясчаныя з ружовым ці зялёным адценнем. Плямы глыбокія — светла-шэрыя або шэра-фіялетавыя, паверхневыя — нешматлікія, аліўкавыя, карычневыя, іржава-карычневыя ці пурпуровыя (часта з размытымі краямі), рэдка сканцэнтраваны на шырэйшым канцы.

Падвіды

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL
Катэгорыя·Валасянкавыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1783 годзе