Валаконніца, Валакнянка[1] (Inocybe) — род шапкавых базідыяльных грыбоў сямейства Inocybaceae.
Шапка канічная, званочкавая з бугарком або шыроказваночкавая ці амаль распасцёртая, у маладых грыбоў серабрыста-белая, жоўта-бураватая або шэра-карычневая з лусачкамі, у старых (валаконніца земляная (Inocybe geophylla)) ружаватая ці крыху фіялетавая. Мякаць белая або бураватая. Пласцінкі амаль свабодныя. Ножка цыліндрычная, белая ці аднаго колеру з шапкай.
На Беларусі пашыраны валаконніца земляная (Inocybe geophylla), валаконніца канічная (Inocybe rimosa), валаконніца грабеньчатая (Inocybe lacera). Растуць у лясах, хмызняках, каля дарог у маі — верасні.
Усе віды неядомыя.