wd wp Пошук:

Брацтва Пярсцёнка

Звяз Пярсцё́нка[1] — першая частка трылогіі «Уладар Пярсцёнкаў»

Сюжэт

Падзеі першай кнігі адбываюцца ў III эпоху па леталічэнні Міжзем’я — свету, у якім адбываецца пераважная частка гісторый Дж. Р. Р. Толкіна. Пярсцёнак Улады, які на працягу двух тысячагоддзяў лічыўся загубленым, знайшоўся ў Шыры — краіне «малога» народа — хобітаў. Дзядзька Фрода Торбінса, Більба, аддаў яму Пярсцёнак перад паходам у падарожжа. Сямнаццаць гадоў пасля гэтага Пярсцёнак ляжаў без дзела. Але Горлум, папярэдні ўладальнік Пярсцёнка выдаў хобітаў. Дзевяць назгулаў — памагатых Саўрона — цёмнага ўладара, які і выкаваў Пярсцёнак, выправіліся на пошукі Фрода, які ўжо рушыў у Рывендэл, горад эльфаў, каб схаваць там Пярсцёнак. Хобіты знайшлі сабе ў дапамогу Арагорна — няздзейсненага караля Гондара. Назгулы напалі на хобітаў і паранілі захавальніка Пярсцёнка, Фрода. Гларфіндэль, эльф з Рывендэла, прыбыў на дапамогу і адвёз хобіта ў Рывендэл. Назгулаў на пераправе цераз раку накрыла хваля, і нейкі час пра іх далейшае існаванне нічога не было вядома. Фрода прачнуўся жывы і цэлы, акрамя невялікай раны на плячы ад удару моргульскім лязом — мячом Караля-Ведзьмака, галоўнага назгула. Фрода думаў, што яго падарожжа завяршылася, і ён можа вяртацца дахаты, аднак на радзе ў Эльранда, вярхоўнага эльфа Рывендэла, было вырашана, што Пярсцёнак трэба знішчыць, кінуўшы яго ў жарало вулкана Арадруйн, дзе той і быў выкаваны. Новая місія лягла на плечы Фрода, у дапамогу якому былі выбраны спадарожнікі: хобіты Сэм, Мэры і Піпін, гном Гімлі, эльф Ляголас, два чалавекі — Арагорн і Барамір, — і мая[2], які ўвесь час ім дапамагаў — Гэндальф Шэры. Яны мусілі прайсці праз гару Карадрас, але Саруман Белы — мая, які здрадзіў дабру, не прапусціў Звяз[3]. Ім трэба было прайсці праз капальні Морыі, старажытныя шахты гномаў, але на Звяз напалі гобліны з балрагам — старажытнай вогненнай пачварай. Балраг падае ў бездань, і цягне за сабой Гэндальфа. У Звязе Пярсцёнка застаецца васьмёра. Яны прыходзяць у яшчэ адно пасяленне эльфаў, Латлорыйн (або іначай Лорыйн), дзе іх сустракае Галадрыель. Далей Звяз адпраўляецца на чоўнах па рацэ Андуін. Аднойчы на іх з берагу нападаюць гобліны, і зверху даносіцца крык назгула. Звяз адбіваецца, і прыпыняецца на заходнім беразе, каб пранесці чоўны па беразе праз вадаспад Рэрас. Саруманавы ўрук-хаі (гобліны) Ізенградка нападаюць у хаўрусе з мордарскімі, Саўронаўскімі, гоблінамі на Звяз, і Фрода з Сэмам уцякаюць, пераплыўшы на ўсходні бераг… ДАЛЕЙ “

Поўны сюжэт кнігі можна паглядзець тут.

Удзельнікі Звязу Пярсцёнка

Удзельнік Раса
Фрода хобіт Спадчыннік Більба і захавальнік Пярсцёнка Улады. Яму 50 гадоў.
Сэм хобіт Садоўнік Фрода, які застаецца адданым спадарожнікам на працягу ўсяго шляху.
Мэры хобіт Сын майстра Бакленда, стрыечны брат Піпіна і Фрода. Найлепшы сябар Піпіна. Яны разам трапілі ў Звяз пасля рады ў Эльранда.
Піпін хобіт Самы малады ўдзельнік дружыны і стрыечны брат Мэры і Фрода.
Гэндальф мая Вёў Звяз да выхаду з Морыі.
Арагорн (Швэндал) чалавек Следапыт Поўначы, які суправаджае хобітаў з Бры ў Рывендэл і становіцца удзельнікам Звязу. Нашчадак Ісільдура. Сапраўдны кароль Гондара. Павёў дружыны пасля «гібелі» Гэндальфа Шэрага.
Ляголас эльф Эльфійскі прынц. Сын караля эльфаў Ліхалесся Трандуйла.
Гімлі гном Прыйшоў з Самотнай гары.
Барамір чалавек Сын намесніка караля Гондара Дэнэтара II. Военачальнік Гондара.

Зноскі

  1. Уласныя назвы падаюцца паводле існуючага беларускага перакладу Дзмітрыя Магілёўцава і Крысціны Курчанковай
  2. Мая па-іншаму для звычайных людзей — чараўнік.
  3. Звяз Пярсцёнка — так назваў Эльранд дзевяцярых ахоўнікаў Пярсцёнка.
Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Кнігі 1954 года
Катэгорыя·Міжзем’е