Бражнік асінавы (Laothoe amurensis) — матыль з сямейства бражнікаў.
Матыль вялікі, з масіўным брушкам. Размах крылаў 80—90 мм. Крылы цёмна-шэрыя з бураватым адценнем і слабым больш цёмным малюнкам з хвалістых палос рознай шырыні плям. Заднія крылы колерам і малюнкам падобныя да пярэдніх. Крылы звонку слаба вышчарбленыя, пры аснове крылаў — цёмна-шэры пух.
Еўрасібірскі від, у Беларусі адзначаны ў паўночнай і цэнтральнай частках. Месцы пражывання: цёмныя, густыя лісцевыя і мяшаныя лясы.
Дае адно пакаленне за год. Лёт матылёў у траўні-чэрвені. Вусені тоўстыя, жоўта-зялёныя, з косымі жоўтымі палоскамі па баках і бела-жоўтай зярністасцю па ўсім целе. Жывуць у чэрвені-ліпені на асінах. Акукліваюцца ў зямлі. Кукалка зімуе.