wd wp Пошук:

Брагінскі замак

Брагінскі замак — абарончае збудаванне XV—XVII ст. у Брагіне.

Размяшчаўся на дзядзінцы старажытнарускага часу, вядомага з 1147 года. З XVI ст. належаў князям Вішнявецкім, згаданы ў дзельчым лісце 1574 года братоў князёў Аляксандра і Міхаіла Вішнявецкіх.

Пляцоўка памерам 90х70 м, умацаваная валам вышынёй 5-6 м, шырынёй у аснове больш за 10 м. Паводле інвентара 1574 года, на вале былі сцены-гародні з усходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку р. Брагінкі, брама была зроблена ў адной з гародзен наверсе якой збудавана вялікая святліца. Злева ад уезду ў лініі гародняў стаяла драўляная царква Святой Тройцы «зо всим тым нарядом, розным церковным золотом и серебром и книгами». На двары былі падклецці, спіжарні, пограб і «светлицы в стене». Да брамы вёў мост на палях, апошняе звяно якога было «ўзводам», то-бок падымалася на замкавы бок.

У 1648 годзе жыхары Брагіна адчынілі браму казакам палкоўнікаў Антона Нябабы і Хвяська. За гэта горад быў разбураны карным атрадам Рэчы Паспалітай, а жыхары пакараны. Замак больш не аднаўляўся і ператварыўся ў гаспадарчы «двор» князёў Вішнявецкіх.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Брагін
Катэгорыя·Замкі Вялікага Княства Літоўскага