«Босыя на вогнішчы» — першая пралетарская паэма ў беларускай літаратуры, напісаная Міхасём Чаротам у 1921, якая адлюстроўвае стыхійнасць Кастрычніцкай рэвалюцыі, пераломнасць і драматызм тагачасных падзей[1]. Упершыню паэма была надрукаваная ў газеце «Савецкая Беларусь», затым у 1922 выйшла ў выдавецтве «Адраджэньне» рэкордным дзесяцітысячным тыражом[2].
Твор з’яўляецца мэтафарай рэгіянальнага распаўсюджвання рэвалюцыі, дзе «босыя» — абагульнены мастацкі вобраз знядоленай часткі грамадства, «беднаты», антыподам якому з’яўляюцца «абутыя»[3].
Паэме «Босыя на вогнішчы» было прысвечана шмат нарысаў і дыспутаў[4]. Беларуская паэтэса Канстанцыя Буйло ўспамінала, як Янка Купала гасцяваў у яе разам з Міхасём Чаротам. Пасля прачытання апошнім сваёй паэмы Я. Купала адзначыў: «вось паэт, па тэмпераменце зусім падобны на цябе, толькі ён не блукае ў нябёсах, як ты, а жыве на зямлі і піша аб ёй»[5].
У беларускім літаратуразнаўстве неаднаразова падкрэслівалася сувязь «Босых на вогнішчы» з паэмай «Дванаццаць» Аляксандра Блока. На думку М. Яроша, іх аб’ядноўвае высокі грамадзянскі пафас, вера ў перамогу справы рэвалюцыі і адлюстраванне ўплыву падзеяў сусветна-гістарычнага значэння на лёсы народу[5]. На думку М. Мішчанчука, пазіцыя Чарота разыходзіцца з пазіцыяй А. Блока на ўзроўні ацэнкі паводзінаў рэвалюцыйнага натоўпу ў часе руйнавання старога свету: М. Чарот безаглядна апраўдвае людзей, гатовых помсціць крывава і без разбору, у той час, як А. Блок, шукае шлях апраўдання, рэабілітацыі сімвалічным прыёмам увядзення Хрыста[1]. Даследнік адзначае, што «па сутнасці Чарот падтрымаў дэманічны пачатак у Кастрычніцкай рэвалюцыі»[1].