«Бостанская бойня» (англ.: Boston massacre) альбо «інцыдэнт на Кінг-стрыт» (англ.: Incident on King Street) — сутычка паміж брытанскімі ваеннымі і жыхарамі горада Бостана, якая адбылася 5 сакавіка 1770 г.
Пасля Франка-індзейскакй вайны (1757—1763 гг.) брытанскі ўрад прыняў некаторыя непапулярныя меры адносна жыхароў 13 англійскіх калоній. Сярод іншага ім было забаронена перасяляцца на новыя землі Паўночнай Амерыкі, якія належалі Брытанскай Кароне. У выніку гэтага расла напружанасць паміж каланістамі і метраполіяй. Калі Брытанскі ўрад прыняў рашэнне ўвесці армію ў некаторыя гарады калоній, напружанасць дасягнула свайго піка.
Брытанскія вайсковыя патрулі рэгулярна былі аб’ектам насмешак з боку каланістаў. 5 сакавіка 1770 г. натоўп з некалькіх дзясяткаў бостанцаў распачаў пікет ля будынку мытні з англійскімі таварамі з абразамі у бок адзінага вартавога[1]. На дапамогу вартавому прыйшоў вайсковы патруль капітана Прэнстана. Калі ў патруль пачалі кідаць снежкі і каменні, вайскоўцы сталі страляць на паражэнне. У выніку загінулі 3 бостанца, яшчэ 11 былі паранены, 2 з параненых памерлі. Мітынг быў спынены, але людзі разышліся толькі калі ўлады паабяцалі правесці аб’ектыўнае расследаванне здарэння. Сярод вайскоўцаў не было ні загінуўшых, ні параненых.
Ацэнкі сучаснікаў гэтай падзеі былі рознымі, аб чым сведчыць той факт, што амерыканцы называюць яе бойняй ці разнёй, а брытанцы — інцыдэнтам. З аднаго боку Прэнстана і яго людзей асуджалі за забойства бяззбройных, і сам капітан разам з 8 салдатамі былі арыштаваны, іх судзілі і ўсіх апраўдалі за выключэннем двух салдат, прысуджаных да кляймення вялікага пальца[2]. (Судзілі і некалькіх бостанцаў, і таксама апраўдалі.) З другога боку, адкрытым заставалася пытанне, ці была пагроза агрэсіі бостанцаў супраць брытанскіх вайскоўцаў. Трэба зазначыць, што снежкі і каменні магчыма выкарыстоўваць не толькі як сродак абразы, але і як сапраўдную зброю[3].
Пасля гэтай акцыі напружанне ў Бостане ўзрасло настолькі, што брытанская адміністрацыя вырашыла вывесці войскі з горада[4]. Былі адменены многія непапулярныя законы, захаваўся падатак на чай як сімвал права метраполіі ўстанаўліваць падаткі ў калоніях[5].
Пазней яшчэ адна акцыя бостанцаў, вядомая як Бостанскае чаяпіцце, падняла новую хвалю процістаяння, каланістаў і метраполіі, што прывяло да Рэвалюцыйнай вайны за незалежнасць і ўзнікнення новай дзяржавы — ЗША.
У 1888 г. памяць 5 бостанцаў, загінуўшых у 1770 г., ушанавалі ўсталяваннем абеліска ў Бостане.