wd wp Пошук:

Бой каля Порт-Артура

Напад на Порт-Артур у ноч на 26 студзеня (8 лютага) — 27 студзеня (9 лютага) 1904 года — японская эскадра без папярэджання напала на расійскі Порт-Артур[1], што стала пачаткам руска-японскай вайны. Напад японскага флота пачаўся з начной атакі атрада мінаносцаў на рускую эскадру ў Порт-Артуры і працягнуўся з удзелам буйных надводных караблёў наступнай раніцай.

Начная атака мінаносцаў 8—9 лютага 1904

Каля 22:30 8 лютага 1904 года атрад з 10 японскіх мінаносцаў сустрэўся з патрульнымі рускімі мінаносцамі каля Порт-Артура. Рускія караблі, не маючы загаду, у бой не ўступілі. Тым не менш, у выніку нервовасці, выкліканай гэтай нежаданай для японцаў сустрэчай, два японскія мінаносцы стукнуліся і адсталі ад астатняга атрада. Прыкладна ў 00:28 9 лютага 1904, першыя чатыры японскія мінаносцы выйшлі незаўважанымі да Порт-Артура і правялі тарпедную атаку супраць крэйсера «Палада» (атрымаў тарпеду ў сярэдзіну корпуса) і браняносца «Рэтвізан» (тарпеда трапіла ў нос карабля). Астатнія японскія мінаносцы былі не такімі паспяховымі, бо прыбылі позна, калі эфект раптоўнасці быў ужо згублены, і правялі свае атакі індывідуальна, без любога ўзгаднення. Аднак яны змаглі тарпедаваць найболей моцны карабель рускай эскадры — браняносец «Цэсарэвіч». Японскі мінаносец «Абора» правёў апошнюю атаку каля 02:00, аднак да гэтага моманту эскадра была паднята па трывозе, а пражэктары і артылерыйскі агонь рускіх караблёў зрабілі тарпедную атаку з блізкай дыстанцыі немагчымай.

Нягледзячы на ідэальныя ўмовы для раптоўнай тарпеднай атакі, вынікі былі адносна сціплымі. З шаснаццаці выпушчаных тарпед, усе, апроч трох, або не трапілі ў цэль, або не выбухнулі. Разам з тым, у выніку атакі былі на некалькі тыдняў выведзены з ладу два наймацнейшыя караблі рускай эскадры, браняносцы «Рэтвізан» і «Цэсарэвіч». Той жа лёс спасціг і крэйсер «Палада».

Ранішні бой з удзелам цяжкіх караблёў

Пасля начной атакі адмірал Тога адправіў свайго падначаленага, віцэ-адмірала Дэва Сігэта, з 4 крэйсерамі на разведку ў 08:00, каб ацаніць вынікі начной атакі і пашкоджанні, нанесеныя рускаму флоту. Да 09:00 атрад Дэва быў досыць блізка, каб разглядзець рускі флот праз ранішні туман. Дэва ўбачыў 12 браняносцаў і крэйсераў, тры ці чатыры з якіх здаваліся моцна пашкоджанымі ці выкінуліся на бераг. Драбнейшыя судны за межамі гавані былі ў выяўнай бязладзіцы. Дэва наблізіўся прыкладна на 7 км да гавані і, паколькі ён застаўся незаўважаным, прыйшоў да высновы, што начная атака паралізавала рускую эскадру, і паспяшаўся са справаздачай да Тога.

Дэва змог пераканаць Тога, што момант можа быць вылучна ўдалым для неадкладнай атакі галоўнымі сіламі флота. Хоць Тога аддаў перавагу б выманіць рускі флот за межы дзеяння берагавых батарэй, празмеру аптымістычны даклад Дэва змог яго пераканаць, што рызыка была апраўданая.

Пры набліжэнні да Порт-Артура японскі флот быў заўважаны рускім крэйсерам «Баярын», які нёс патруляванне. «Баярын» абстраляў «Мікасу» з лімітавай дыстанцыі і паспяшаўся да галоўных сіл рускага флота. У 11:00 з дыстанцыі каля 8 км пачалася страляніна паміж флатамі. Японцы сканцэнтравалі агонь сваіх 12" гармат на берагавых батарэях, а 8" і 6" гармат — супраць караблёў рускай эскадры. Стральба была не вельмі трапнай з абодвух бакоў, але японцам атрымалася пашкодзіць «Новік», «Петрапаўлаўск», «Палтаву», «Дыяну» і «Аскольд». Хутка, аднак, стала зразумела, што Дэва быў залішне аптымістычны ў сваіх ацэнках. У першыя пяць хвілін страляніны «Мікаса» атрымаў прамое трапленне, што знішчыла кармавы масток і раніла галоўнага інжынера, сцяг-лейтэнанта і 5 іншых афіцэраў.

У 12:20 Тога загадаў легчы на зваротны курс. Гэта быў рызыкоўны манеўр, бо ён падстаўляў японскія караблі пад агонь рускіх берагавых батарэй. Японскія караблі паспяхова выканалі манеўр і хутка выйшлі за межы дзеянні рускіх батарэй, аднак «Сікісіма», «Іватэ», «Фудзі» і «Хацусэ» атрымалі прамыя трапленні. Некалькі трапленняў у момант развароту было і ў крэйсера адмірала Камімуры Хіканодзё. У гэты момант «Новік», які быў прыкладна ў 3 км ад японскіх крэйсераў, выпусціў тарпеды. Усе мінулі, а «Новік» атрымаў прабоіну ніжэй ватэрлініі.

Вынікі

Бой ля Порт-Артура не прынёс вырашальнай перамогі аднаму з бакоў. Страты рускіх склалі каля 150 чалавек, японцаў — каля 90. Хоць ні з аднаго боку не было патоплена ніводнага карабля, некалькі караблёў былі пашкоджаны. Аднак у японцаў былі магутнасці па рамонце і сухой док у Сасэба, тым часам як рускім давялося належыць на вельмі абмежаваныя рамонтныя магутнасці Порт-Артура.

Фармальная аб’ява вайны Расіі была зроблена Японіяй 10 лютага 1904, на наступны дзень пасля бою.

Зноскі

  1. История России Учебник. 4-е издание

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Бітвы на Ціхім акіяне
Катэгорыя·Канфлікты 1904 года
Катэгорыя·Марскія бітвы Японіі
Катэгорыя·Люты 1904 года
Катэгорыя·Бітвы руска-японскай вайны
Катэгорыя·Марскія бітвы Расіі