Берынгава мора — паўзамкнёнае мора на поўначы Ціхага акіяна, аддзяляецца ад яго Алеўцкімі і Камандорскімі астравамі; Берынгаў праліў злучае яго з Чукоцкім морам і Паўночным Ледавітым акіянам. Берынгава мора абмывае берагі Расіі і ЗША. Плошча 2315 тыс.км², найбольшая глыбіня 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстолькі, Нортан, Алютарскі. Самыя вялікія астравы: Святога Лаўрэнція, Нунівак, Астравы Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усходнія — нізінныя, заходнія — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на поўначы арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на поўдні ўмерана марскі.