wd wp Пошук:

Барыс II

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Барыс.

Барыс II (балг.: Борис II; 931977) — цар Балгарыі з 969 па 977 гады, з 971 года знаходзіўся ў візантыйскім палону, аднак на радзіме працягваў лічыцца балгарскім царом. Старэйшы сын цара Пятра I і царыцы Ірыны.

Біяграфія

Пачатак кіравання

Барыс нарадзіўся ў Канстанцінопалі ў 931 годзе. Пра яго жыццё нічога невядома да 968 года, калі ён у складзе Балгарскага пасольства прыбыў у Канстанцінопаль да Нікіфара II Фокі для заключэння міру. Годам раней па просьбе візантыйцаў у Балгарыю ўварваліся войскі князя Святаслава. Аднак пасля разгрому балгарскай арміі, замест таго каб вярнуцца ў Кіеў, русы захапілі ўсходнюю (прычарнаморскую) частку Балгарыі з гарадамі Дарастолам і Малым Праславам (у рускіх крыніцах — Пераяславец), куды Святаслаў перанёс сваю сталіцу. У выніку перамоў быў заключаны балгара-візантыйскі саюз супраць Русі, а Барыс і яго брат Раман засталіся ў Канстанцінопалі як закладнікі.

У 969 годзе, у выніку другога паражэння ад русаў, Пётр I адрокся ад прастола і візантыйцы адпусцілі Барыса, каб той заняў трон бацькі. Не ў сілах супрацьстаяць Святаславу, новы цар заключыў саюз з русамі. Дружыны кіеўскага князя працягнулі наступ у Фракіі, дзе ў 970 годзе пад Аркадыёпалем пацярпелі паражэнне. З гэтага моманту візантыйцы пад кіраваннем новага імператара Іаана Цымісхія пачалі паход на поўнач, падчас якога аблажылі Праслаў.

У візантыйскім палоне

Візантыйскі імператар Іаан Цымісхій вяртаецца ў Канстанцінопаль пасля перамогі над балгарамі

Хоць балгары і русы разам абаранялі горад, візантыйцам удалося падпаліць і захапіць сталіцу. Барыс II стаў цяпер ганаровым палонным Іаана Цымісхія, які працягнуў праследаванне русаў да Дарастола, сцвярджаючы, што дзейнічае як саюзнік і абаронца Барыса. Пасля таго як Святаслаў і Цымісхій дасягнулі мірнага пагаднення і князь накіраваўся ў Кіеў, Іаан Цымісхій з трыумфам вярнуўся ў Канстанцінопаль. Візантыйцы не спяшаліся вызваляць акупаваную Балгарыю і ў тым жа годзе імператар на ўрачыстай цырымоніі пазбавіў Барыса царскіх рэгалій, а ўсходняя Балгарыя перайшла пад прамое візантыйскае кіраванне.

Хоць мэтай цырымоніі 971 года было сімвалічнае спыненне існавання Балгарскага царства, Візантыя не змагла зацвердзіць сваё кіраванне ў заходняй частцы Балгарыі. У 977 годзе браты Барыс і Раман беглі з палону ў заходнюю Балгарыю. На мяжы Барыса з-за яго грэчаскага адзення вартаўнікі прынялі за візантыйскага вяльможу і забілі.

Зноскі

  1. Lundy D. R. The Peerage

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Стамбуле
Катэгорыя·Памерлі ў 977 годзе
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы X стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 931 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Цары балгарскія
Катэгорыя·Кіраўнікі Балгарыі
Катэгорыя·Памерлі ў 976 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных