wd wp Пошук:

Баальбекская тэраса

Баальбекская тэраса  — руіны старажытных гіганцкіх збудаванняў у г. Баальбек у даліне Бекаа, ля падножжа Антыліванскіх гор, за 85 кіламетраў на паўночны ўсход ад Бейрута. З’яўляецца часткай грандыёзнага храмавага ансамбля.

Агульнае апісанне

Спосаб будаўніцтва тэрасы дагэтуль застаецца для даследчыкаў нявысветленым.

Паводле памераў і аб’ёму работ Баальбекскае свяцілішча — найбуйнейшы храмавы комплекс на Блізкім Усходзе. Ён фарміраваўся на працягу двух тысячагоддзяў: храм старажытнага бажаства Фінікіі Баала (Ваала) — у антычныя часы Геліёпаліс (Горад Сонца, XVIII ст. да н.э.) — у эпоху рымскага імператара Аўгуста Баальбек храм Юпітэра — у часы Візантыйскай імперыі хрысціянскі храм — потым эпохі арабскага і турэцкага панавання.

«Паўднёвы камень» — апрацаваны камень, які застаўся ў шахце каля тэрасы.

Плошча Баальбекскай тэрасы складае 49х89 метраў. Тэраса, на якой пабудаваны храм Юпітэра складаецца з дзевяці радоў каменных блокаў-маналітаў, кожны памерам ад 11х4,6х3,3 м (300 тон) да 19,1х4,3х5,6 м. (750 тон). З паўночна-заходняга боку тэрасы ўбудаваны тры найбуйнейшыя ў свеце апрацаваныя маналіты. Іх называюць «Трылітон» або «Цудам трох камянёў». Гэтыя камяні маюць даўжыню 29 м, вышыню 4 м і таўшчыню 3,6 м. Вага кожнага з трох гігантаў складае ад 800 да 1000 тон. Прычым, камяні Трылітона так акуратна складзены і так дакладна злучаны адзін з адным, што паміж імі амаль немагчыма прасунуць нават іголку. На тэрасе ўзвышаюцца шэсць самых высокіх на Зямлі калон (22 м) — рэшткі храма Юпітэра, які дасягаў у даўжыню 90, а ў шырыню 50 метраў. Храм акружала магутная каланада з 52 калон. Храм Юпітэра пачаты ў часы імператара Антаніна Пія і завершаны пры імператары Нероне (37-68 гады н.э.). Лічыцца, што пры ўзвядзенні гэтых гіганцкіх каменных збудаванняў прыменены «азіяцкі спосаб вытворчасці», калі тысячы людзей, абляпілі, як мурашы, гіганцкія каменныя блокі, часалі і цягнулі іх за дзясяткі вёрст. Каменяломня знаходзіцца прыкладна за 1 км ад Баальбекскай тэрасы. У гэтай каменяломні знаходзіцца найбуйнейшы ў свеце апрацаваны камень — так званы «Паўднёвы камень» — велізарная каменная глыба, памерамі 23х5,3х4,55 м (1000 тон) высечаная звычайнымі зубіламі. Тэхналогія паводле якой перасоўвалі і падымалі такія камяні, вырабленыя яшчэ ў да рымскія часы, невядомая (верагодная — тэхналогія «землянога насыпу»). Па разліках для перамяшчэння «Паўднёвага каменя» спатрэбіліся б сумесныя намаганні ад 40 да 60 000 чалавек.

Крыніцы

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Сусветная спадчына ў Ліване
Катэгорыя·Баальбек