У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Аява (значэнні).
А́ява — штат на сярэднім захадзе ЗША. Плошча — 145,8 тыс. км², насельніцтва — 2,9 млн. чал. Адміністрацыйны цэнтр — Дэ-Мойн. Штат названы ў гонар індзейскага народа аява.
Да часу прыходу еўрапейцаў тут жылі індзейскія народы: ілінойсы, аява, санці і янктонаў, продкі якіх засялялі гэтыя землі больш за 10 тыс. гадоў таму.
Хоць першая экспедыцыя еўрапейцаў Жака Маркета і Луі Жалье пабывала тут у 1673, сталае паселішча было заснавана толькі ў 1788.
У 1803 ў выніку Луізіянскай куплі тэрыторыя будучага штата была набытая ЗША. Супраціў індзейцаў засяленню Аёвы быў зламаны каланістамі пасля Вайны Чорнага Коршака 1832.
Першае афіцыйнае селішча амерыканскіх каланістаў заходней ракі Місісіпі з’явілася ў 1833. У 1838 Аёва атрымала статут тэрыторыі з цэнтрам у г. Аёва-Сіці, статут штата — з 1846, калі Кангрэс вырашыў прыняць у Саюз вольны штат нароўні з рабаўладальніцкай Фларыдай. У 1857 сталіца штата была перанесеная ў горад Дэ-Мойн.
Пасля грамадзянскай вайны праходзіць завяршэнне інтэнсіўнага засялення Аёвы і развіццё фермерства. Падчас станаўленняў ЗША як індустрыяльнай дзяржавы (1870—1920) Аёва адыгрывала ролю жытніцы краіны, а на ўсходзе штата стала развівацца прамысловасць.
Штат размешчаны на водападзеле найбуйных рэк — Місісіпі і Місуры. Ён мяжуе са штатамі Мінесота, Паўднёвая Дакота, Небраска, Місуры, Ілінойс і Вісконсін.
Найвышэйшы пункт штата — Хоўк-Ай-Пойнт (509 м), кропка найменшага ўзроўня над морам — раўніна Кіёкак, 146 м. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора — 335 метраў.
Кантынентальны клімат з вялікай колькасцю ападкаў; штат перыядычна падвяргаецца паводкам, бурам і тарнада.