Архiў Найноўшае Гiсторыi — беларускае грамадскае навукова-даследчае аб’яднанне, заснаванае ў 1996 годзе Беларускім гуманітарным фондам «Наша Нiва». Праіснаваў прыкладна да пачатку 2000-х гадоў.
На падставе Архiва створаны фонд беларускага самвыдату, адбываўся запiс вуснай гiсторыi, фiксацыя сучаснай гiсторыi. Спрабаваў стварыць архіў партыйных дакументаў, друкаванай прадукцыі (адозвы, улёткі, звароты і іншае), фотаздымкаў, прэс-рэлізаў і іншых дакументаў грамадскай дзейнасці ў Беларусі.
Частка матэрыялу архіву друкавалася на старонках «Нашай Нівы», на паласе «Шуфляда». На падставе гэтага з’явіўся навукова-архівістычны альманах «Шуфляда»[1]. У Нашай Ніве быў змешчаны «Апытальнік сьведкі найноўшае гісторыі Беларусі», адказы на які друкаваліся ў газеце[2].
Архіў выдаў шэраг кніг і паштовак. Прымаў удзел у падрыхтоўцы міжнароднага «Слоўніка дысідэнтаў 50-80-х гадоў».
Архіў супрацоўнічаў з такімі замежнымі арганізацыямі, як: Цэнтр KARTA (Польшча), «Мемориал» (Масква, Санкт-Пецярбург (Расія)), Група па правах чалавека ў Харкаве (Украіна), «Libri Prohibiti» (Чэхія), таварыства «Alianta Civica» (Румынія).